Беларуская Служба

Партыі БНФ і «Справядлівы свет» адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах

11.05.2020 08:55
Выбары прэзідэнта Беларусі прызначылі на 9 жніўня, спісы ініцыятыўных груп трэба падаць да 15 траўня.
ВыбарыPhoto: ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Выбары прэзідэнта Беларусі прызначылі на 9 жніўня, спісы ініцыятыўных груп трэба падаць да 15 траўня. Некаторыя палітычныя сілы адмаўляюцца ад удзелу ў такіх выбарах, іншыя абвяшчаюць набор у ініцыятыўныя групы, паведамляе „Свабода”.

У тым ліку ўдзельнічаюць у выбарах не намерваецца БНФ. Партыя выдала заяву сойму па выніках інтэрнет-паседжання 10 траўня. Паводле яе, правядзенне выбарчай кампаніі ва ўмовах пандэміі каранавірусу — «гранічна безадказнае і небяспечнае», а то і немагчымае. Таму палітычная арганізацыя не будзе ўдзельнічаць у выбарах, вылучаць свайго кандыдата або падтрымліваць кагосці з кандыдатаў і заклікае ўсіх адмовіцца ад вылучэння кандыдатураў.

Падобную заяву 10 траўня выдала партыя «Справядлівы свет». Партыя заяўляе аб немагчымасці свайго ўдзелу ў кампаніі і прапануе перанесці выбары на час пасля заканчэння эпідэміі COVID-19.

У сваю чаргу аб наборы ў ініцыятыўную групу на сваёй старонцы паведаміў былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала. Бізнесовец і былы дыпламат таксама заявіў, што мае праграму, але ня можа пра яе расказваць з прычыны абмежаванняў законам. Сам Цапкала не заяўляў аб удзеле ў выбарах на публіцы або ў інтэрв’ю прэсе — кампанію пакуль «вядзе» толькі Facebook-старонка ад ягонага імя.

Таксама 10 траўня аб наборы ў каманду абвясціў Сяргей Чэрачань. Праўда, на ягоных старонках практычна не згадваецца, што ён з’яўляецца старшынём партыі БСДГ, але на некаторых старонках партыі ў сацсетках ёсць рэпосты ягонага звароту.

Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч яшчэ 8 траўня паведаміў у сваім акаўнце на Facebook, што ў ягонай ініцыятыўнай групе ўжо 4 тысячы чалавек.

Мікола Статкевіч раней казаў, што на выбары вылучае «каля 30 пратэставых кандыдатаў» — і сваю кандыдатуру таксама. Подпісы Статкевіч і паплечнікі збіраць не будуць, а хочуць скарыстаць зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы для магчымасці збору людзей на вуліцы. Ужо 14 траўня Мікола Статкевіч і яго паплечнікі панясуць дакументы на рэгістрацыю ў ЦВК і запрашаюць «далучыцца прыхільнікаў сумленных выбараў».

У сваю чаргу Ганна Канапацкая не адказвала адназначна на пытанні аб удзеле ў выбарах і абяцала расказаць пра гэта на прэс-канферэнцыі 12 траўня.

Блогер Сяргей Ціханоўскі заяўляў аб жаданні выставіць сваю кандыдатуру, але цяпер знаходзіцца ў зняволенні і не зможа падаць заяву да 15 траўня.

Пра жаданне ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата таксама казалі «суворы турыст» Віталь Зялкоўскі і лідар кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук — яны пакуль не рабілі абвестак аб наборы ініцыятыўных групаў.

аз