Беларуская Служба

Журналіста Буракова асудзілі на 10 сутак арышту за тое, што нібыта ўдзельнічаў у акцыі

12.05.2020 11:13
Таксама 12 траўня ў Магілёве прайшлі суды над актывістам Андрэем Бодзілавым і журналістам Алесем Асіпцовым.
СудMasterTux/pixabay.com/CC0 Public Domain

У судзе Ленінскага раёну Магілёва 12 траўня асудзілі праваабаронцу і журналіста «Магілёўскай вясны» Алеся Буракова, які супрацоўнічае з Deutsche Welle. За дзве хвіліны «ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі» яму далі 10 сутак арышту, піша Радыё «Свабода» са спасылкай на праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суддзя Вікторыя Палякова прызнала Алеся Буракова вінаватым паводле арт. 23.34 КаАП – ён нібыта ўдзельнічаў у акцыі пад магілёўскім ІЧУ 6 траўня. Мінулыя выходныя Буракоў правёў у тым самым ізалятары.

Буракова затрымалі 8 траўня на ўваходзе ў будынак Кастрычніцкага суда Магілёва. Ягоныя калегі даведаліся, што яму выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, але ў якім, не было вядома да суда.

Таксама 12 траўня ў Магілёве прайшлі суды над актывістам Андрэем Бодзілавым і журналістам Алесем Асіпцовым.

вс