Беларуская Служба

У Беларусі з'явіўся новы, самы доўгі чыгуначны маршрут – амаль 900 км і 20 гадзін шляху

12.05.2020 13:41
На другім месцы - цягнік Гродна – Мінск – Гомель (801 км).
   -
Фірменны цягнік «Беларусь» Мінск-Масква фарміравання Беларускай чыгункі фота: прэс-служба Беларускай чыгункі www.rw.by

Беларуская чыгунка падоўжыла маршрут цягніка Брэст – Віцебск да Полацка. Першы раз з Полацка састаў адправіцца 18 мая, а з Брэста – 19 мая. Цягнік будзе курсіраваць штодня, паведамляе партал tut.by са спасылкай на Беларускую чыгунку.

Цягнік будзе адпраўляцца з Брэста ў 17.19, прыбываць у Полацк у 12.31. Час у шляху – 19 гадзін 12 хвілін.

Адпраўленне з Полацка – у 14.44, прыбыццё ў Брэст – у 8.35. У гэтым выпадку пасажыры будуць у шляху амаль на паўтары гадзіны менш – 17 гадзін 51 хвіліну.

Білет у купэйны вагон каштуе 28 рублёў, у плацкартны – 20 рублёў.

Маршрут цягніка Брэст – Полацк праходзіць праз чатыры вобласці: Віцебскую, Магілёўскую, Гомельскую і Брэсцкую. У прыватнасці, ён спыняецца на станцыях Шуміліна, Віцебск, Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Калінкавічы, Лунінец, Пінск, Кобрын, Жабінка.

Даўжыня маршруту – 893 км. Цягнік Брэст – Полацк стане самым працяглым чыгуначным маршрутам у Беларусі. На другім месцы будзе цягнік № 632/631 Гродна – Мінск – Гомель (801 км).

Раней цягніком самага далёкага следавання ў краіне быў Брэст – Камунары. Ён знаходзіўся ў дарозе 876 кіламетраў і праходзіў гэтую адлегласць за 17 гадзін і 1 хвіліну. БЧ адмяніла яго ў снежні 2019 года.

вс

здымак мае ілюстрацыйны характар