Беларуская Служба

Еўрапарламент ухваліў пагадненне з Беларуссю пра таннейшыя візы

14.05.2020 08:01
Еўрапейскі парламент прагаласаваў за пагадненні з Беларуссю аб вяртанні асобаў без права знаходжання на тэрыторыі ЕС.
Сцяг Еўрапейскага СаюзаPhoto: moritz320/pixabay.com/CC0 Public Domain

Еўрапарламент 13 траўня прагаласаваў за пагадненні з Беларуссю аб вяртанні асобаў без права знаходжання на тэрыторыі ЕС (рэадмісіі) і аб выдачы кароткатэрміновых візаў, паведамляе „Свабода”.

За пагадненне аб палягчэнні выдачы візаў прагаласавалі 634 еўрадэпутаты, супраць — 48, яшчэ 4 устрымаліся. За пагадненне аб рэадмісіі прагаласавалі 560 дэпутатаў, супраць — 117, устрымаліся 13.

Згодна з пагадненнем аб рэадмісіі Беларусь абавязваецца прымаць на сваю тэрыторыю грамадзян, якія парушылі ўмовы ўезду на тэрыторыю ЕС або ўмовы знаходжання ў ЕС.

Пагадненне датычыць як асобаў, якія маюць дазвол на пражыванне ў ЕС або дзейную візу, выдадзеную Беларуссю, так і тых, хто незаконна трапіў на тэрыторыю ЕС пасля знаходжання на тэрыторыі Беларусі або транзыту празь яе.

Згодна з пагадненнем аб палягчэнні выдачы візаў, плата за візу для беларусаў, якія едуць на тэрыторыю ЕС на тэрмін да 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд, будзе зніжаная да 35 еўра (некаторыя катэгорыі падарожнікаў будуць вызваленыя ад гэтай аплаты). Тэрмін для разгляду зваротаў аб выдачы візаў у кансулатах будзе скарочаны да 10 дзён.

Некаторыя катэгорыі беларускіх грамадзян, такія як журналісты, студэнты і ўдзельнікі афіцыйных дэлегацый, змогуць атрымліваць візы для шматразовага ўезду, якія будуць дзейнічаць даўжэй, і ім трэба будзе прадстаўляць менш дакументаў для абгрунтавання мэты паездкі.

Тэксты пагадненняў былі падпісаныя ў студзені пасля перамоваў, якія цягнуліся больш за пяць гадоў. Дамову з еўрапейскага боку яшчэ мае зацвердзіць Рада Еўрасаюза. Яна набудзе моц на першы дзень наступнага месяца пасля гэтага. Гэта значыць, не раней за 1 чэрвеня.

аз