Беларуская Служба

Германія занепакоеная арыштамі відэаблогераў, актывістаў і журналістаў у Беларусі

21.05.2020 08:25
Дзірк Візэ: Пры правядзенні выбараў ва ўмовах пандэміі асабліва важна захоўваць дэмакратычныя прынцыпы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

У надзвычайных умовах пандэміі пры правядзенні прэзідэнцкіх выбараў асабліва важнае захаванне асноўных дэмакратычных прынцыпаў. Такое меркаванне выказаў у інтэрв`ю БелаПАН упаўнаважаны ўрада Германіі па адносінах з краінамі былога СССР Дзірк Візэ.

Паводле яго слоў, Германія занепакоеная арыштамі відэаблогераў, удзельнікаў мірных пратэстаў і журналістаў у Беларусі. Правы на свабоду слова, свабоду аб`яднанняў і сходаў з`яўляюцца "базавай неабходнасцю для дэмакратычнага грамадства", падкрэсліў Візэ.

"Яны не павінны неапраўдана абмяжоўвацца. Германія гатовая дапамагчы ў гэтым Беларусі як парадамі, так і дзеяннямі. У прыватнасці ў надзвычайных умовах пандэміі, у якіх 9 жніўня пройдуць прэзідэнцкія выбары, асабліва важнае захаванне асноўных дэмакратычных прынцыпаў", — дадаў прадстаўнік урада Германіі.

Візэ адзначыў, што за апошнія гады ў Беларусі "прыкметна вырасла гатоўнасць займацца ў межах міжнароднага дыялогу пытаннямі правоў чалавека, дэмакратыі й прававой дзяржавы".

"Таксама больш інтэнсіўны стаў дыялог паміж урадам і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Тут важную ролю адыгрывае штогадовы Мінскі форум. Федэральны ўрад вельмі вітае гэтыя змены. У той жа час мы чакаем, што гэтая гатоўнасць да дыялогу знойдзе выражэнне ў канкрэтных мерах і рэформах. Пакуль у гэтым плане мы, на жаль, назіраем пэўную стагнацыю", — заявіў Візэ.

Паводле яго слоў, вартыя ўвагі такія грамадзянскія ініцыятывы, як, напрыклад, рух "Маці 328", які выступае за рэформы крымінальнага заканадаўства ў дачыненні да непаўналетніх, што дазволілі б не толькі прыцягваць такіх правапарушальнікаў да адказнасці за памылкі, але і дапамагаць ім зноў інтэгравацца ў грамадства. "З тымі беспрэцэдэнтна строгімі мерамі пакарання, якія дзейнічаюць сёння, гэта наўрад ці магчымае", — заўважыў Візэ.

У цэлым за апошнія 10 гадоў у адносінах паміж Германіяй і Беларуссю адбыліся істотныя змены, адзначыў нямецкі чыноўнік. "Калі ў пачатку мінулага дзесяцігоддзя адносіны былі практычна замарожаныя, то з вызваленнем апошніх палітычных зняволеных (у жніўні 2014 года. — БелаПАН.) адкрыліся новыя магчымасці для таго, каб нашы краіны зноў пачалі збліжэнне, ЕС зняў большасць санкцый з Беларусі. З гэтага моманту палітычны й грамадскі дыялог паступова станавіўся больш інтэнсіўным", — канстатаваў Візэ.

Паводле слоў Візэ, Беларусь вылучаецца сярод краін — былых рэспублік Савецкага Саюза "ў тым, што тычыцца палітычнай дынамікі пакрокавага адкрыцця для ЕС, а таксама агульнай дыверсіфікацыі знешняй палітыкі за апошнія чатыры-пяць гадоў". У Беларусі, лічыць ён, ёсць "выдатныя перадумовы, каб працягваць ісці па шляху збліжэння з ЕС".

"Тым не менш яшчэ існуюць перашкоды на шляху да больш эфектыўнага й глыбокага супрацоўніцтва. Інвестыцыям часта перашкаджае няпэўнасць у плоскасці прававых гарантый. Палітычны вобраз Беларусі па-ранейшаму звязаны, перш за ўсё, з прымяненнем смяротнага пакарання", — дадаў упаўнаважаны ўрада Германіі па адносінах з краінамі былога СССР.

аз