Беларуская Служба

У Беларусі пачынаецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты

21.05.2020 10:12
Збіраць подпісы будуць 15 ініцыятыўных груп, зарэгістраваных у ЦВК прэтэндэнтамі на вышэйшую дзяржаўную пасаду.
P
PучкаPhoto: PDPics /pixabay.com/CC0 Public Domain

У Беларусі з 21 мая па 19 чэрвеня ўключна будзе ісці збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты, паведамляе БЕЛТА.

Збіраць подпісы будуць 15 ініцыятыўных груп, зарэгістраваных у ЦВК прэтэндэнтамі на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Каб вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты, трэба заручыцца падтрымкай не менш як 100 тыс. паўналетніх грамадзян Беларусі, якія маюць выбарчае права.

Паставіць подпіс можна за некалькі кандыдатур, але за адну й тую ж - толькі раз. Члены ініцыятыўных груп маюць права знаёміць выбаршчыкаў з біяграфіяй прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, але інфармацыйныя й іншыя матэрыялы пра іх не раздаюцца.

З улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі зборшчыкі подпісаў павінны прытрымлівацца рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя па пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі: насіць маскі, апрацоўваць рукі антысептыкам і г.д.

Як паведамлялася, Палата прадстаўнікоў назначыла прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня. У адпаведнасці з каляндарным планам вылучэнне кандыдатаў пройдзе з 20 чэрвеня па 4 ліпеня, рэгістрацыя - з 5 па 14 ліпеня. Пасля гэтага стартуе перыяд перадвыбарнай агітацыі. Датэрміновае галасаванне на выбарах адбудзецца з 4 па 8 жніўня. Вынікі выбараў Цэнтрвыбаркам павінен падвесці не пазней за 19 жніўня. Другі тур, калі ў ім будзе неабходнасць, згодна з планам павінен прайсці не пазней як у двухтыднёвы тэрмін, гэта значыць 23 жніўня.

аз