Вынішчаць расліну пачнуць з газонаў. Ужо распрацаваны адмысловы сродак – паведамляе Свабода.
Чысціць газоны ад пустазелля будуць пры дапамозе новага гербіцыду. Навукоўцы з Інстытуту эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі распрацавалі для менскіх азеляніцеляў рэкамендацыі, як ужываць на гарадскіх газонах прэпараты, што перашкаджаюць росту і развіццю дзьмухаўца. Яны падабралі і выпрабавалі склад, які ўключае ў сябе гербіцыд «Магнум», эфектыўны супраць пустазелля, а таксама прэпараты, якія стымулююць рост газонных траў.
Новы прэпарат тэставалі летась на ўчастку праспекту Незалежнасці ад ваеннага гарадка да выезду з гораду. Там дзьмухаўцы з газона зніклі, а шматгадовыя злакавыя травы засталіся цэлымі.
– Гэты сродак бяспечны для навакольнага асяроддзя і эфектыўны. Пачнем выкарыстоўваць яго на гарадскіх газонах, калі пацяплее і ўсталюецца сухое надвор’е, – распавяла Анжаліка Пузанкова.
Яна дадала, што ў сталіцы апрацоўку газонаў супраць дзьмухаўцоў праводзілі і раней, але яна ахоплівала толькі асобныя ўчасткі асноўных гарадскіх праспектаў, бо папярэднія прэпараты патрабавалі вялікіх выдаткаў. Сярод пераваг новай сумесі даступны кошт і невялікі выдатак, што дазволіць чысціць ад пустазелля больш газонаў.
нг