Міністэрства энергетыкі Літвы выступіла з крытыкай недастатковай празрыстасці інфармацыі пра Беларускую АЭС. Публікацыя з заўвагамі змешчаная на сайце ведамства, паведамляе «Свабода».
У тэксце гаворыцца, што Беларусь дэманструе «выбарачны падыход» да празрыстасці праекту атамнай электрастанцыі, хоць павінна публікаваць поўныя справаздачы аб місіях МАГАТЭ і выконваць рэкамендацыі міжнародных экспертаў падчас стрэс-тэстаў.
Паводле літоўскага боку, Беларусь не апублікавала гэтых справаздач, пра што быў інфармаваны гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.
«На сённяшні дзень няма інфармацыі, каб ацаніць маштабы бягучых праблемаў Беларускай АЭС. З 11 рэкамендацый, складзеных экспертамі МАГАТЭ, апублікавалі толькі 3, што выклікае дадатковыя сумневы ў празрыстасці», — гаворыцца ў паведамленні.
Рашэнні не публікаваць справаздачы толькі ўзмацняюць падазрэнне ў тым, што недахопы, выяўленыя ў справаздачы аб місіі, не з’яўляюцца нязначнымі. З гэтай прычыны Літва выказвае занепакоенасць заявамі экспертаў МАГАТЭ, якая заклікае ўзмацніць кантроль і нагляд за праграмай запуску станцыі.
«Выбарнае й прадузятае стаўленне Беларусі да раскрыцця толькі карыснай для праекту АЭС інфармацыі назіраецца пастаянна, асабліва ў выпадку супрацоўніцтва Беларусі з МАГАТЭ», — заяўляе літоўскі бок.
Раней Літва звярнулася да МАГАТЭ з просьбай адрэагаваць на «непрымальную сітуацыю» вакол БелАЭС. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа неаднаразова заклікаў Еўрасаюз выкарыстаць усе рычагі для выканання Беларуссю патрабаванняў паводле вынікаў стрэс-тэстаў.
Ён таксама заяўляў, што электраэнергія, вырабленая на небяспечных электрастанцыях, не павінна трапляць на агульнаеўрапейскі рынак.
Ядзернае паліва на БелАЭС даставілі ў пачатку траўня. Фізічны пуск першага энергаблока запланаваны на ліпень гэтага году.
аз