Беларуская Служба

Беларусаў запрашаюць паназіраць за выбарамі

27.05.2020 09:34
У краіне абвешчаны набор незалежных назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/TATYANA ZENKOVICH

Кампанія незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пачала набор назіральнікаў і назіральніц за галасаваннем падчас прэзідэнцкіх выбараў.
На сайце кампаніі гаворыцца, што запрашаюць назіральнікі ўсіх жадаючых, хто змог бы сачыць за тым, што адбываецца на ўчастках краіны ў асноўны дзень выбараў (9 жніўня) і, па магчымасці, падчас датэрміновага галасавання. Асобная ўвага будзе надавацца маніторынгу падліку галасоў, каб затым даць ацэнку адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу.

Назіранне за выбарамі – гэта цалкам законная грамадская актыўнасць. Яна дае магчымасць праверыць, ці сумленна праходзяць у нас выбары, і атрымаць займальны досвед, зазначаюць праваабаронцы.

Назіранне дазваляе «зазірнуць за кулісы» выбараў і з першых шэрагаў убачыць, як праходзяць розныя этапы выбарчага працэсу, пра якія ходзіць столькі разнастайных чутак.
Незалежнае назіранне – простая і эфектыўная форма ўдзелу звычайных людзей у кантролі за прыняццем істотных рашэнняў як на мясцовым узроўні, так і ў межах усёй краіны.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не аказвае падтрымку палітычным партыям ці кандыдатам. Мэта кампаніі – адсачыць выкананне міжнародных стандартаў у выбарчай галіне, зафіксаваць парушэнні і дапамагчы ўдасканаліць працэдуру выбараў на карысць усяго грамадства.

Стаць назіральнікам можа кожны: і той, у каго ўжо ёсць адпаведны досвед, і той, для каго гэта будзе ўпершыню. Для навічкоў кампанія абяцае хутка зладзіць адпаведнае навучанне і зрабіць акрэдытацыю.

юл