На адміністратара telegram-канала „Беларусь головного мозга” і фрылансэра Ігара Лосіка завялі крымінальную справу па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). На дадзены момант ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. Раней паведамлялася, што ў кватэры Лосіка адбыўся вобшук.
У сваю чаргу 24 чэрвеня міліцыя ўварвалася да мінчука Уладзіслава Вавілава. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта заклікаў людзей на мітынг 21 чэрвеня праз тэлеграм. Яго затрымалі і канфіскавалі ўсю камп'ютарную тэхніку.
Таксама на блогера са Слуцка Уладзіміра Няронскага заведзеная крымінальная справа па двух артыкулах: ч. 1 арт. 342 і арт. 369 КК Беларусі. Як паведамляе TUT.BY, пра гэта сказана ў пастанове аб прыцягненні яго ў якасці абвінавачанага.
У пастанове сказана, што Няронскі ў перыяд з 5 па 23 лютага размясціў на YouTube відэа, якія ўтрымліваюць абразы ў непрыстойнай форме і прыніжаюць гонар і годнасць прадстаўніка ўлады — старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага ў сувязі з выкананнем ім службовых паўнамоцтваў.
Што тычыцца абвінавачвання ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, то сцвярджаецца, што Няронскі змовіўся з іншымі асобамі і арганізаваў 29 траўня пікет Ціханоўскай у горадзе. Паводле СК, пікет праходзіў у выглядзе „незаконнага грамадска-масавага мерапрыемства-мітынгу”.
У СК таксама лічаць, што Няронскі сваімі дзеяннямі парушаў грамадскі парадак, спакой грамадзян і выказваў яўную непавагу да грамадства.
Нагадаем, 17 чэрвеня стала вядома, што блогера Уладзіміра Няронскага трымалі пад адміністрацыйным арыштам 40 дзён, а пасля змясцілі ў мінскі следчы ізалятар № 1 на вул. Валадарскага.
Суды і затрыманні актывістаў працягваюцца таксама ў Наваполацку, Віцебску, Мінску.
Між тым, 25 чэрвеня прайшло судовае паседжанне над Яўгенам Вiльскім, каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Наваполацку. Рашэннем суда ён атрымаў 15 сутак з адтэрміноўкай у 5 дзён на абскарджанне.
Усяго на Вільскага складзена 4 адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у пікетах па зборы подпісаў. Для складання трох з іх міліцыя затрымлівала Вільскага 15 чэрвеня.
аз