Заключыць пагадненне аб дзецях з 1 ліпеня змогуць бацькі, якія не былі ў шлюбе або шлюб паміж якімі ўжо скасаваны, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Мінюста.
Гэта прадугледжана змяненнямі ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і, якія ўступаюць у сілу з 1 ліпеня. Заключыць пагадненне аб дзецях можна шляхам яго натарыяльнага засведчання.
Як растлумачылі ў Мінюсце, цяпер муж і жонка толькі пры скасаванні шлюбу або прызнанні шлюбу несапраўдным могуць заключыць паміж сабой пагадненне аб дзецях у парадку, устаноўленым Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Беларусі для заключэння міравых пагадненняў. Аднак такі падыход не заўсёды дае магчымасць забяспечыць выкананне інтарэсаў мужа і жонкі па выхаванні дзяцей, а таксама інтарэсаў дзіцяці.
У пагадненні аб дзецях бацькі могуць вызначыць, з кім з іх будуць пражываць дзеці, парадак сустрэч і ўдзелу ў іх выхаванні аднаго з бацькоў, які пражывае асобна, выезду з краіны дзіцяці, памер аліментаў і іншыя аспекты.
аз