9 ліпеня ў Еўрапарламенце прайшлі дэбаты па сітуацыі ў Беларусі. 9 з 10 выступоўцаў асудзілі дзеянні "рэжыму Лукашэнкі". Еўрадэпутаты запатрабавалі вызваліць палітычных зняволеных, а найбольш радыкальныя спікеры заклікалі Еўрасаюз увесці санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў, паведамляе "Еўрарадыё".
Дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Андрыус Кубіліус заяўляе, што беларусы гучна патрабуюць палітычных перамен у краіне і толькі меншасць падтрымлівае Лукашэнку. Літовец параўнаў тое, што адбываецца ў Беларусі, з тым, што ў пачатку 1990-х прайшлі прыбалтыйскія краіны, калі ў насельніцтва сфармаваўся запыт на перамены. І стаў першым, хто загаварыў з трыбуны пра санкцыі ў дачыненні да беларускіх афіцыйных асоб.
Старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю паляк Роберт Бедрань заявіў, што беларусы чарговы раз пазбаўленыя базавага права — права выбару. Бедрань таксама прапанаваў Еўрасаюзу задумацца пра санкцыі.
Прадстаўніца Германіі Віёла фон Краман-Таўбадэль заявіла пра неабходнасць вызваліць усіх палітвязняў: "Гэта — наша патрабаванне!"
Прадстаўнік Іспаніі Ману Пінэда стаў адзіным, хто паспрабаваў заступіцца за Аляксандра Лукашэнку. Ён асудзіў вучэнні НАТА каля межаў Беларусі і Расіі, — маўляў, гэта эскалацыя дакладна не ў інтарэсах ЕС і можа толькі справакаваць новую "халодную вайну". У адрозненне ад сваіх калег Пінэда не падтрымаў увядзення санкцый.
Карын Карсбра са Швецыі з ходу называла Лукашэнку дыктатарам. Яна звяртае ўвагу на тое, што Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне, і сцвярджае, што сітуацыя з правамі чалавека толькі пагаршаецца. "Патрэбныя санкцыі проста зараз!" — рэзюмавала яна.
Закрываў сесію дэбатаў вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.
"У Беларусі сітуацыя вельмі сур'ёзная. Але трэба разумець, што там нашы інструменты ўздзеяння вельмі абмежаваныя. На цяперашні момант мы робім усё магчымае. Мы працягваем сачыць за падзеямі там. Я цалкам згодны з тым, што сказалі ўдзельнікі сесіі", — адзначыў Жазэп Барэль.
аз