Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

БНФ патрабуе ад ЦВК адмовіць у рэгістрацыі кандыдату ў прэзідэнты

10.07.2020 14:11
Рыгор Кастусёў: Мы бачым, што цяперашняя прэзідэнцкая кампанія разгортваецца па найгоршым сцэнары.
ВыбарыPhoto: ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Партыя БНФ падала ў Цэнтральную камісію па выбарах скаргу з патрабаваннем адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Аляксандру Лукашэнку.

У якасці падставы для адмовы ў рэгістрацыі БНФ прыводзіць доказы выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць вылучэння кандыдатам Лукашэнкі, выкарыстанне ягонай ініцыятыўнай групай дзяржаўнага фінансавання і іншых матэрыяльных рэсурсаў, стварэнне няроўных умоваў і рэпрэсіі ў дачыненні да іншых прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, паведамляецца на сайце палітычнай арганізацыі.

Таксама Партыя БНФ у скарзе адзначае, што рэгістрацыя Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты будзе з’яўляцца парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, канстатуючы незаконнасць “рэферэндума”, які быў праведзены ў 2004 годзе дзеля зняцця канстытуцыйнага абмежавання прэзідэнцкіх тэрмінаў.

Каментуючы пададзеную скаргу, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў:

- Мы бачым, што цяперашняя прэзідэнцкая кампанія разгортваецца па найгоршым сцэнары. Сілавым структурам развязалі рукі для палітычных рэпрэсіяў, крымінальны пераслед апанентаў улады, арышты і катаванні робяцца асноўным метадам утаймавання законнага і справядлівага абурэння грамадзянаў. Але пры гэтым сваю ўласную выбарчую кампанію Лукашэнка таксама вядзе безсаромна, не зважаючы нават на мінімальныя абмежаванні, якія прадугледжаныя выбарчым заканадаўствам. І я лічу недапушчальным пакідаць без належнай ацэнкі беспрэцэдэнтнае злоўжыванне адміністрацыйным рэсурсам, якое мы бачым цягам гэтай выбарчай кампаніі. Такая ацэнка тым больш важная з улікам адсутнасці міжнародных назіральнікаў – ужо цяпер зразумела, што калі назіральнікі БДІПЧ АБСЕ і з’явяцца ў Беларусі, то яны пабачаць толькі фінальную стадыю кампаніі.

У скарзе Партыя БНФ прыводзіць сведчанні выкарыстання ініцыятыўнай групай Лукашэнкі адміністратыўнага рэсурсу, што, паводле яе, робіцца бессаромна і адкрыта.

“У сукупнасці азначаныя абставіны парушэнняў  згодна з артыкулам 68-1 Выбарчага кодэкса ствараюць падставы для адмовы ў рэгістрацыі Лукашэнкі А.Р. у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь“, – гаворыцца ў скарзе Партыі БНФ.

Паседжанне Цэнтральнай камісіі па пытанні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, як чакаецца, адбудзецца на наступным тыдні, 14 ліпеня.

аз