Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў мост цераз раку Сож у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цырымонія прайшла з удзелам прадстаўнікоў працоўных калектываў дарожна-будаўнічых арганізацый, якія былі задзейнічаны ў яго ўзвядзенні, і жыхароў Слаўгарадскага раёна.
Рака Сож раздзяляе гэты раён на дзве часткі. Да таго як пабудавалі мост, пераправа на левы бераг ракі была ўскладненай як для мясцовых жыхароў, так і для работнікаў сельгасарганізацый, у якіх значныя плошчы сенажацей і пашы знаходзяцца за ракой.
З сярэдзіны мая да лістапада яна ажыццяўлялася па часовым пантонным мосце, які злучаў аўтамабільную дарогу Р140 Слаўгарад - Краснаполле. Жыхарам левабярэжжа даводзілася дабірацца ў Слаўгарад праз Краснаполле і Чэрыкаў, праходзячы шлях 120 км.
Пытанне будаўніцтва моста ўзнікла ў 1984 годзе, тады быў распрацаваны план маставога пераходу. Аднак у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС работы па праектаванні былі згорнуты. Да ідэі будаўніцтва вярнуліся ў 2007 годзе ў час рэканструкцыі моста цераз Сож у Крычаве. Існуючыя фермы некалькіх пралётаў былі дэманціраваны і ўстаноўлены на захоўванне побач з мостам для выкарыстання ў далейшым пры будаўніцтве моста ў Слаўгарадскім раёне.
У 2017 годзе фермы транспартавалі водным транспартам па рацэ Сож з Крычава на будпляцоўку ў Слаўгарад. Для гэтага ўпершыню ў краіне выкарысталі ўнікальныя тэхналогіі транспарціроўкі і мантажу - пры дапамозе плывучай сістэмы, у склад якой уваходзілі дзве баржы-пляцоўкі, злучаныя паміж сабой. Распрацоўку тэхналогій перамяшчэння і мантаж плывучай сістэмы выконваў філіял "Мостаатрад 425" ААТ "Мостабуд".
Капітальны мост цераз Сож не толькі скароціць перамяшчэнне для жыхароў левабярэжжа, але і значна павялічыць магчымасці для развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна за кошт паляпшэння лагістыкі. Акрамя таго, з'явіцца магчымасць выхаду на прыгранічныя раёны Расіі.
нг