Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 14 ліпеня зарэгістравала кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі пяць чалавек. Пасяджэнне транслявалася на сайце ЦВК, паведамляе БелаПАН.
Выбарчую кампанію ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі працягнуць:
Андрэй Дзмітрыеў — сустаршыня грамадскага аб'яднання "Гавары праўду";
Ганна Канапацкая — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу;
Аляксандр Лукашэнка — дзейны кіраўнік дзяржавы;
Святлана Ціханоўская — жонка блогера, палітвязня Сяргея Ціханоўскага;
Сяргей Чэрачэнь — старшыня партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада".
ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты былому старшыні праўлення ААТ "Белгазпрамбанк" Віктару Бабарыку, які ў цяперашні час знаходзіцца пад вартай па абвінавачванні ў эканамічных злачынствах і прызнаны палітычным зняволеным праваабарончай арганізацыяй "Міжнародная амністыя". Варта адзначыць, што ён сабраў рэкордную сярод альтэрнатыўных кандыдатаў колькасць подпісаў за сваё вылучэнне.
У рэгістрацыі таксама адмоўлена былому дыпламату, чыноўніку, экс-дырэктару Парку высокіх тэхналогій Валерыю Цапкалу.
З моманту рэгістрацыі кандыдатаў у выбарчай кампаніі пачаўся агітацыйны перыяд, які будзе доўжыцца па 8 жніўня ўключна.
Выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 9 жніўня.
аз