Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Следчы камітэт папярэджвае ўдзельнікаў пратэстаў: будуць жорсткія пакаранні

16.07.2020 12:57
Паводле паведамлення СК, у межах расследавання крымінальнай справы затрыманыя чацвёра падазраваных.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/New Africa

У межах расследавання крымінальнай справы паводле фактаў "арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак на тэрыторыі Мінска, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў" (арт. 342 КК), затрыманыя чацвёра падазраваных, паведаміў БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Следчага камітэта.

Крымінальная справа, нагадаем, была распачатая 15 ліпеня. Напярэдадні ў Мінску прайшлі масавыя стыхійныя акцыі пратэсту супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты асноўных супернікаў Аляксандра Лукашэнкі — Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.

"Падчас вывучэння відэаматэрыялаў, пададзеных супрацоўнікамі міліцыі, следчымі выяўленыя неаднаразовыя факты прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, якім у выніку супрацьпраўных дзеянняў былі нанесеныя траўмы рознай ступені цяжару. Некаторыя з іх працягваюць знаходзіцца на лячэнні ва ўстанове аховы здароўя", — гаворыцца ў паведамленні СК.

Па гэтых фактах упраўленнем СК па Мінску распачатыя крымінальныя справы на падставе артыкулаў 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) і 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). "Затрыманыя чацвёра мужчын, з іх удзелам праводзяцца неабходныя следчыя і працэсуальныя дзеянні. Праваахоўнікі працягваюць ўсталёўваць іншых асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення гэтых злачынстваў", — адзначаецца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, дадае прэс-служба, следчымі ўстаноўленае дачыненне затрыманых "да арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія адбыліся 14 ліпеня гэтага года на тэрыторыі сталіцы і груба парушылі грамадскі парадак". "Па крымінальнай справе, распачатай раней паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, затрыманыя мінчане прызнаныя падазраванымі", — гаворыцца ў паведамленні.

"У гэты момант працягваецца правядзенне следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Атрыманыя медыцынскія дакументы аб стане здароўя пацярпелых міліцыянераў, а таксама відэазапісы, размешчаныя на розных інтэрнэт-рэсурсах, вывучаныя і далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы. Для высвятлення ўсіх абставінаў таго, што адбылося, прызначанае правядзенне шэрагу экспертных даследаванняў. Вышэйназваныя крымінальныя справы злучаныя ў адной вытворчасці", — паведамляе СК.

Следчы камітэт таксама звяртае ўвагу на "асаблівасці правапрымяняльнай практыкі ў частцы выкарыстання гвалту або пагрозы яго выкарыстання ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў".

"Акцэнтуем увагу грамадзян на тым, што пад гвалтам неабходна разумець любое супрацьпраўнае ўсвядомленае ўздзеянне на супрацоўніка, якое ажыццяўляецца супраць альбо апрача яго волі, — падкрэслівае прэс-служба. — Апошнім часам на тэрыторыі сталіцы зафіксаванае правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Не забывайце пра тое, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў ахоўваюць грамадскі парадак, а перашкода іх службовай дзейнасці супрацьзаконная. Усім такім фактах Следчым камітэтам будзе дадзеная прававая ацэнка".

Камітэт папярэджвае грамадзян, што ў выпадку супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў такія дзеянні могуць быць кваліфікаваныя на падставе артыкулаў 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў), 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак), 364 (гвалт альбо пагроза выкарыстання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў), 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак) КК. "За названыя злачынствы Крымінальным кодэксам Беларусі прадугледжаныя сур'ёзныя пакаранні", — падкрэслівае прэс-служба.

нг