Журналіста Радыё «Свабода» ў пятніцу зноў даставілі ў РУУС Завадскога раёна ў Мінску. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Пра гэта паведамляе Радыё «Свабода».
15 ліпеня Антона Трафімовіча брутальна затрымалі ў цэнтры Мінску пасля заканчэння стрыму ад Цэнтравыбаркаму, дзе сабраліся прыхільнікі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Невядомыя людзі ў цывільным зламалі яму нос пры затрыманні.
На наступны дзень міліцыя патлумачыла, што журналіст аказваў супраціўленне, і таму супраць яго прымянілі фізічную сілу.
Трафімовіч лічыць, што справа супраць яго цалкам выдуманая. Міліцыя такім чынам спрабуе апраўдаць свой гвалт.
Сёння раніцай журналіст ехаў здымаць пабоі ў судмедэкспертызу. На вуліцы Кіжаватава да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і завезлі, забраўшы тэлефон, у РУУС Завадскога раёна.
Журналіст правёў у міліцыі каля дзвюх гадзін. Ён адмовіўся даваць паказанні і не падпісаў пратаколы.
«Сказалі, што павязуць у суд, але адпусцілі без тлумачэнняў, – сказаў ён. – Я ўпэўнены, гэта проста яшчэ адна спроба застрашыць мяне і іншых журналістаў».
Антон Трафімовіч падаў заяву ў Следчы камітэт і просіць распачаць крымінальную справу па артыкуле 198 Крымінальнага кодэксу – перашкода прафесійнай дзейнасці журналіста.
«Беларускія ўлады перад выбарамі 9 жніўня спрабуюць спыніць нашу журналісцкую
працу і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да надзейных навінаў», – заявіла выканаўца абавязкаў прэзідэнта Радыё «Свабодная Эўропа/Радыё Свабода» Дэйзі Сіндэлар пасля шэрагу затрыманняў журналістаў «Свабоды».
вс