19 ліпеня кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская правяла агітацыйны пікет на плошчы Бангалор у Менску. Разам з ёй на пікеце былі прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава і жонка Валеры Цапкалы Вераніка.
Паводле валанцёрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна», на мітынгу прысутнічала каля 7500 чалавек.
Мітынг Ціханоўскай у Мінску, 19.07.2020
Гэта першы мітынг пратэсту за апошнія некалькі гадоў, які сабраў такую колькасць людзей. Мерапрыемства было дазволенае.
Паводле аглядальніка Валеры Карбалевіча, пікет быў добра арганізаваны і меў іншы характар, чым усе дагэтуль апазіцыйныя мітынгі. Гучалі песні, слоганы, якія падхоплівала аўдыторыя, прысутнічала сімволіка, эфэктыўна задзейнічаныя інфармацыйныя тэхналогіі.
Выхад на сцэну Святланы Ціханоўскай, Марыі Калесніквай і Веранікі Цапкалы быў абстаўлены эфектна, адзначае Карбалевіч.
Жанчыны заклікалі ісці на выбарчыя ўчасткі 9 жніўня і галасаваць за Святлану Ціханоўскую.
Ціханоўская абяцае, што яе галоўнай задачай у выпадку абрання будзе правядзенне новых свабодных выбараў, у якіх будуць удзельнічаць тыя палітыкі, якія сядзяць за кратамі, і ўсе жадаючыя.
Прагучаў заклік падключыцца да назірання на выбарчых участках, а таксама актыўна абараняць свае галасы.
Паводле svaboda.or/яс