Прадстаўнікі недзяржаўных СМІ Беларусі заклікалі ўлады спыніць пераслед журналістаў - паведамляе сайт Навіны.
Адпаведны зварот накіраваны 21 ліпеня міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву, генпракурора Аляксандру Канюку, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай і міністру інфармацыі Ігару Луцкаму.
У ім адзначаецца, што «апошнія месяцы сталі перыядам вельмі жорсткіх рэпрэсіяў у дачыненні да журналістаў незалежных выданняў у Беларусі».
«Падчас прэзідэнцкай кампаніі 43 карэспандэнта дзясяткаў СМІ былі затрыманыя пры выкананні службовых абавязкаў.
Апошняй кропляй стала жорсткае затрыманне журналіста «Радыё Свабода» Антона Трафімавіча ў цэнтры Мінска 15 ліпеня пасля відэастрыма ад ЦВК. Пры затрыманні супрацоўнікі міліцыі зламалі яму нос. У дачыненні да Антона вядзецца адміністрацыйная справа па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы)», – гаворыцца ў звароце.
Затрыманні журналістаў, якія працуюць на вулічных акцыях, адбываліся ў розных гарадах краіны, некаторыя – нават у прамым эфіры, на вачах у дзясяткаў тысяч гледачоў, падкрэсліваюць прадстаўнікі СМІ.
«Гэтыя дзеянні, – падкрэсліваюць яны, – парушаюць арт. 198 Крымінальнага кодэкса, які вызначае адказнасць за «перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста», і маюць адну мэту – запалохаць журналістаў і паказаць ім і ўсяму грамадству, што законы не працуюць, калі ёсць больш высокія палітычныя інтарэсы».
«Аднак бессаромнасць гэтых дзеянняў вядзе да адваротнага эфекту. Цынічнае жаданне паказаць грамадзянам, наколькі яны безабаронныя перад уладай, у першую чаргу дыскрэдытуе саму ўладу», – перакананы аўтары звароту.
Журналісты выказваюць «падтрымку і салідарнасць з усімі нявінна затрыманымі, збітымі, прыніжанымі», а таксама падкрэсліваюць, што працягнуць выконваць свой прафесійны абавязак.
«Мы патрабуем, каб улады спынілі пераследаваць журналістаў незалежных выданняў, а сілавікам хочам нагадаць, што, затрымліваючы журналістаў пры выкананні імі сваіх прафесійных абавязкаў і ўжываючы да іх сілу, вы не толькі парушаеце закон, але і самі здзяйсняеце злачынства», – гаворыцца ў звароце.
Зварот падпісалі журналісты і рэдактары парталаў tut.by, onliner.by, nn.by, «Радыё Свабода», БелаПАН, tribuna.com, dev.by, realt.by, marketing.by, 24health.by, outride.rs, «Еўрарадыё», газет «Народная воля», «Камсамольская праўда ў Беларусі»,«Новы час», «Прессбол», «Рэгіянальнай газеты», «Народныя навіны Віцебска», тэлеканалаў «Белсат» і «Цяперашні час», сайтаў «Салідарнасць», «Моцныя навіны», «МогилевОнлайн», reform.by, «Ідэя Кансалт», bdg.by, «Беларускай асацыяцыі журналістаў», «Прэс-клуба Беларусь», «Беларускага дакументацыйнага цэнтра», часопісаў «Вялікі» і «Office life », а таксама журналісты-фрылансеры і блогеры – усяго 213 чалавек.
нг