Дзяржаўныя прадпрыемствы і прыватныя кампаніі, якія займаюцца размяшчэннем вонкавай рэкламы, адмовілі кандыдатцы ў прэзідэнты Беларусі Святлане Ціханоўскай у размяшчэнні агітацыйных білбордаў, паведамляе Радыё «Свабода».
30 ліпеня Ціханоўская падпісала дамову з дзяржаўнай арганізацыяй «Гомельаблрэклама» на размяшчэнне рэкламных плакатаў на 7 білбордах па Гомельскай вобласці. Гэта была адзіная кампанія, якая «ў прынцыпе пагадзілася зрабіць нам такую паслугу», адзначаюць у прэс-службе кандыдаткі.
Аднак ужо на наступны дзень дырэктар кампаніі патэлефанаваў і папрасіў прабачэння, што не можа выканаць дамову, бо Гомельскі аблвыканкам забараніў гэта рабіць, матывуючы тым, што яму тэрмінова спатрэбілася размясціць 7 плакатаў сацыяльнай рэкламы.
Прэс-сакратар Гомельскага аблвыканкаму Вольга Рабікава паабяцала разабрацца ў гэтым пытанні і даць каментар у другой палове дня 31 ліпеня.
Прадстаўнік Гомельскага гарвыканкаму, адказны за ідэалогію, Мікалай Святагор таксама адмовіўся пракаметаваць выпадак, спаслаўшыся на няведанне дэталяў.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, дзяржаўнае прадпрыемства «Мінскрэклама» адмовілася разглядаць магчымасць размяшчэння плакатаў, спасылаючыся на тое, што сацыяльная рэклама важнейшая за выбары.
У штабе Ціханоўскай звярталіся таксама ў прыватныя кампаніі ў Брэсце, Гродне, Мінску і Гомелі. Паўсюль ім адмаўляюць, паведамляе прэс-служба кандыдаткі.
Згодна з дзейсным заканадаўствам кандыдат не абавязаны ўзгадняць агітацыйныя матэрыялы. Перашкоды з боку органаў выканаўчай улады – гэта грубейшае парушэнне выбарчага заканадаўства і правоў грамадзян на атрыманне інфармацыі пра кандыдата, адзначаюць у штабе кандыдаткі.
вс