Беларуская Служба

Ціханоўская сабрала стадыён у Маладзечне

31.07.2020 16:19
Кандыдатка звярнулася да пенсіянераў і патлумачыла ім, што пенсіі плаціць не прэзідэнт, і што грошы на пенсіі ідуць з падаткаў.
    , 30  2020
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Мінску, 30 ліпеня 2020 годаPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Каля 3500 чалавек сабраліся на гарадскі стадыён у Маладзечне на сустрэчу са Святланай Ціханоўскай. Сёння кандыдат у прэзідэнты здзяйсняе турнэ па заходняй частцы Беларусі. Перад Маладзечнам яна наведала Смаргонь.

Як стала вядома «Нашай Ніве» з дзвюх крыніц, супрацоўнікі бюджэтнай сферы Маладзечна атрымалі ўказанне адправіць на стадыён сваіх людзей.

Яны павінны былі ў час мітынгу выказаць нязгоду, а пасля дэманстратыўна сысці. У прыватнасці, ад кожнай школы завучы абавязаныя былі прывесці па шэсць чалавек.
І сапраўды, на стадыёне фіксаваліся адасобленыя групкі жанчын з маскамі на тварах, якія кучкаваліся і адмаўляліся гаварыць з прэсай.

Здаецца, ідэя дэмаршу не вельмі спрацавала. У «кучках» журналісты налічылі толькі 25 чалавек. І яны сапраўды сышлі неўзабаве пасля пачатку мітынгу – але моўчкі і цішком.

Змест прамовы Ціханоўскай мала адрозніваўся ад папярэдніх. Яна звярнулася да пенсіянераў і патлумачыла ім, што пенсіі плаціць не прэзідэнт, і што грошы на пенсіі ідуць з падаткаў.

Ціханоўская паабяцала вызваліць палітычных і эканамічных вязняў, вярнуць дэмакратычную Канстытуцыю 1994 года і правесці новыя дэмакратычныя выбары.

Сімволіка, якую раздае штаб, – маленькія бел-чырвона-белыя сцяжкі з Пагоняй. Дзясяткі такіх сцяжкоў лунаюць над натоўпам.

Фінальным пунктам пятніцы стане мітынг у Лідзе. Ён павінен распачацца а 19:00 на плошчы каля Гандлёвага цэнтра «Патсдам».

вс