Кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская разам з прадстаўніцамі аб'яднанага штабу Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала працягвае агітацыйнае турнэ па краіне. Сёння ў Баранавічах жанчын-палітыкаў сустрэлі хлебам-соллю, паведамляе «Еўрарадыё».
«Жадаем вам здароўя, поспехаў, і каб вы набралі 76%, – так вітаў Святлану і кампанію жыхар Баранавічаў Мікалай Чарнавус. – 24 пакінем ім».
Таксама Чарнавус узгадаў Яўгена Васількова з Хойнікаў – блогера-трактарыста, які быў затрыманы 1 жніўня нібыта за непадпарадкаванне міліцыі.
«Я б хацеў, калі вы станеце прэзідэнтам, пастаўце яго старшынёй сельскага савету», – папрасіў Мікалай Чарнавус. Публіка вітала гэтыя словы ўсмешкамі і авацыяй.
Пасля мітынгу ў Баранавічах, які, па падліках праваабарончага цэнтру «Вясна» наведала больш за 7000 чалавек, Святлана Ціханоўская з камандай адправіцца ў Брэст.
вс