У інтэрнэце з'явіўся відэазварот пасла Беларусі ў Славакіі, былога памочніка Аляксандра Лукашэнкі Ігара Ляшчэні. Прыводзім яго тэкст цалкам.
Мяне завуць Ігар Аляксандравіч Ляшчэня.
Я звяртаюся да вас не толькі як Пасол Беларусі ў Славаччыне.
Я звяртаюся да вас у якасці найстарэйшага кіраўніка беларускай замежнай установы ў досведзе працы паслом і адзінага дзейнага беларускага дыпламата, які працаваў у МЗС СССР і ў савецкім пасольстве за мяжой.
Як і ўсе беларусы, я ў шоку ад гісторый аб катаваннях і збіцці грамадзян маёй краіны. На Tut.by у адным з фатаздымкаў месіва з сінякоў і кровападцёкаў мы апазналі аднакласніка маёй дачкі, які дакладна ніколі не лічыўся бунтаўніком! На жаль, для гэтага былі перадумовы.
15 гадоў таму ў нас адкрылі «Лінію Сталіна». І гаворка ішла ня толькі пра подзвіг савецкага народу. Не менш важная прычына – імя Сталіна ў назве. Затым зʼявіўся міністр унутраных справаў, якому форма афіцэра сталінскага НКВД нагадвала не пра мясарубку 1937 году і не пра ГУЛАГ, а пра Дзень Перамогі. А цяпер сотні маіх суайчыннікаў адчулі на сабе, што шэраг прадстаўнікоў праваахоўных органаў у поўнай меры адрадзілі традыцыі НКВД у талерантнай еўрапейскай Беларусі ХХІ стагоддзя!
МЗС, прадстаўнікі якога абараняюць інтарэсы Беларусі за мяжой, часта прыраўноўваюць да сілавых ведамстваў. Сілавікі імкнуцца не дапусціць умяшання ва ўнутраныя справы краіны звонку.
Але я дакладна ведаю, што ключавымі складнікамі згуртаванай, моцнай і не падатнай на вонкавыя ўплывы дзяржавы ёсць павага да волі народу, яго мовы, гісторыі і культуры.
У Славакіі я прадстаўляю Беларусь і беларускі народ, які ў адпаведнасці з Канстытуцыяй ёсць адзінай крыніцай улады ў нашай краіне.
Я салідарны з тымі, хто выйшаў на вуліцы беларускіх гарадоў з мірнымі шэсцямі, каб іх голас быў пачуты. Як ураджэнец гораду Жодзіна, я з вамі, рабочыя «БелАЗу» і Кавальскага заводу цяжкіх штамповак!
Я шчыра спадзяюся, што будучыня маёй краіны будзе заснаваная на ўліку пазіцый усіх пластоў грамадства і прадстаўнікоў розных палітычных сілаў.
Беларусы выпакутавалі гэтае права!
паводле Радыё "Свабода"