Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

15-ты дзень пратэстаў, на маршы новай Беларусі ў Гродне тысячы людзей

24.08.2020 06:30
І тысячы людзей ізноў скандавалі: «Ухадзі!».
Акцыя ў Гроднефота: Алесь Завіноўскі

Без лідараў, без вядучых і гукаўзмацняльнай апаратуры адбыліся акцыі пратэсту ў Гродне. І тысячы людзей ізноў скандавалі: «Ухадзі!».

Марш новай Беларусі ў Гродне распачаўся на Савецкай плошчы і праз цэнтральную пешаходную вуліцу калона прайшла да плошчы Леніна. У першых шэрагах рабочыя «Гродна Азот». Калі на адным канцы вуліцы людзі заварочвалі на плошчу, то канец калоны яшчэ толькі ступаў на пачатак вуліцы.

Несамавітая атмасфера: бел-чырвона-белыя сцягі, воклічы «Жыве Беларусь!», «Ухадзі!». Такое ўражанне, што чуе ўвесь горад. Калі ўсе перамясціліся на плошчу Леніна, стала відавочна, што ў пратэстоўцаў няма лідараў і арганізатараў, няма гукаўзмацняльнай апаратуры, толькі з боку плошчы з міліцэйскай машыны даносіцца: «Просім разысціся, мерапрыемства несанкцыянаванае...».

Тым не менш, людзі залазяць на пастамент і пачынаюць гаварыць. Усе іх прамовы зводзяцца да аднаго: перавыбары, «Ухадзі» і давайце працягваць збірацца штодня, бо інакш не перамагчы гэта зло. Тысячы людзей падымаюць рукі ў гару і падтрымліваюць выступоўцаў. Гаворыць рабочы, настаўнік, прадпрымальнік, ізноў рабочы.... Падобных мітынгаў ніколі раней не даводзілася бачыць.

Сярод тых, хто слухае, сям’я: муж з жонкай і дачка. Цікаўлюся, што іх прывяло на мітынг? Дачка адразу задае сустрэчнае пытанне – а як можна сёння не быць тут. «Мы перажываем за лёс нашай краіны, мы хочам дабра ўсім людзям». Яе маці дадае: «У нас шмат радні і на Усходзе, і на Захадзе. Мы вельмі хочам міра і пакою, і вельмі спадзяемся, што нам удасца гэтага дабіцца». «Пакуль нам застаецца толькі спадзявацца», – дадае бацька дзяўчыны.

Раней на гэтай жа плошчы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даў загад супрацоўнікам МУС і КДБ забяспечыць парадак у горадзе і вобласці.


Алесь ЗАВІНОЎСКІ, Гродна