Ігар Ляшчэня звольнены з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў Славацкай Рэспубліцы. Пра гэта паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.
Нагадаем, 15 жніўня пасол Ляшчэня выступіў у падтрымку грамадзян, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасля выбараў прэзідэнта.
«І вось цяпер шэраг маіх суайчыннікаў на сабе спазналі, што шэраг супрацоўнікаў праваахоўных органаў у поўнай меры аднавілі традыцыі НКУС у талерантнай еўрапейскай Беларусі 21 века».
Пасля гэтага відэазвароту Ігар Ляшчэня падаў у адстаўку.
У сваім другім відэазвароце дзень таму дыпламат заклікаў беларускія ўлады да стварэння спецыяльнай камісіі для расследавання ўсіх выпадкаў катаванняў і збіцця дэманстрантаў.
«Улада разам з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці абавязана правесці адкрытае расследаванне па ўсіх вядомых заявах аб катаваннях і здзеках».
Ігар Ляшчэня плануе вярнуцца ў Беларусь у бліжэйшы час.