Наш карэспандэнт Анатоль Шрывель знаходзіцца ў Мінску і расказвае аб тым, што адбываецца прама цяпер і якіх падзей трэба чакаць цягам дня.
Сёння ў Беларусі сямнаццаты дзень масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, што праведзены 9 жніўня з грубымі парушэннямі і фальсіфікацыямі.
Пратэсты працягнуцца ў Мінску і па ўсёй Беларусі дзеля адстаўкі Лукашэнкі і пакарання вінаватых у гвалце і дзеля правядзення паўторных выбараў.
Тым часам, рэжым перайшоў да кропкавых затрыманняў лідараў пратэставага руху. Учора схоплены і дагэтуль пакінуты ў вязніцы Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі з Каардынацыйнай рады і яшчэ з дзясятак лідараў. З раніцы на допыт адправіўся Павел Латушка, яшчэ адзін сябра Рады, на допыт збіраецца і нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
Днём у Маладзечне пройдзе развітанне з Мікітам Крыўцовым, якога неафіцыйна лічаць 6 ахвярай насілля падчас пратэстаў.
Агрэсіўныя дзеянні ўладаў толькі падаграюць пратэсты. Пад вечар чакаем, што на плошчу Незалежнасці зноў выйдуць людзі. Ды і сёння ёсць гістарычная прычына: 25 жніўня 1991 года беларускія патрыёты разам з дэпутатамі ад БНФ дамагліся ад Вярхоўнага савета БССР надання Канстытуцыйнай моцы Дэкларацыі аб незалежнасці. Была забаронена кампартыя і пачалася гісторыя новай Беларусі. Дарэчы, дэпутат Лукашэнка тады ад галасавання ўстрымаўся.
Анатоль Шырвель, спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё.