Правесці 28-гадовага мужчыну ў апошні шлях сабралася некалькі сотняў людзей. Акрамя сям'і на цырымоніі прысутнічалі актывісты, праваабаронцы, футбольныя фанаты.
Мікіта быў фанатам футбольнага клуба «Маладзечна». Яго называюць адным з лідараў маладзечанскага руху. Менавіта ён быў адным з тых, хто настойваў на беларускамоўнай фанацкай сімволіцы.
Мікіту хавалі пад нацыянальным беларускім бел-чырвона-белым сцягам і ў зачыненай труне.
Мікіта ўдзельнічаў у мітынгу 9 жніўня ў Маладзечне. Ён устаў насупраць шэрагу міліцыянераў са сцягам і стаяў так, гледзячы ім у вочы. Праз тры дні, 12 жніўня, ён знік без вестак. Пра яго смерць сямʼі паведамілі толькі 22 жніўня. Па версіі следства, Мікіта здзейсніў самагубства. Але ніхто з сямʼі не верыць у гэта. Сямʼя лічыць, што Крыўцова збіў і забіў АМАП.
У маладзечанца засталася ўдава Алена і 5-гадовая дачка Варвара.
Зоя Хруцкая, Маладзечна