На 28 рабочых «Гродна Азот» складзены адміністацыйныя пратаколы – іх будуць судзіць. Праваабаронцы кажуць наагул аб масавым ціску на грамадзянскую супольнасць у Гродне.
28 рабочых «Гродна Азот» міліцыя затрымала, калі яны пасля працоўнай змены ішлі са свайго прадпрыемства ў цэнтр горада. Іх адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС.
Да будынка міліцыі прыйшлі некалькі соцень гродзенцаў і патрабавалі выпусціць рабочых. На затрыманых склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і пачалі выпускаць. Тым часам міліцыянты ў цывільным пачалі хапаць тых, хто іх чакаў.
Пакуль вядома, што ў аўтазак запіхнулі толькі аднаго чалавека.
Гродзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў звяртае ўвагу на тое, што апошнія два дні да іх пачалі звяртацца за парадай дзясяткі гродзенцаў. Паводле яго, людзей выклікаюць у Следчы камітэт альбо пракуратуру. А там патрабуюць падпісаць паперу, што чалавек больш не будзе ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах.
«Гэта наагул антыканстытуцыйныя патрабаванні, паколькі менавіта Канстытуцыя і гарантуе грамадзяніну ўдзел у масавых мерапрыемствах. І менавіта пракуратура абавязана сачыць, каб ніхто гэтага права ў грамадзяніна не парушыў», – сцвярджае Віктар Сазонаў.
Праваабаронца лічыць, што такімі даўно вядомымі спосабамі рэжым спрабуе запалохаць грамадзянскую супольнасць, каб спыніць у краіне пратэсты.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ