Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пратэстуе супраць дзеянняў АМАП на тэрыторыі Чырвонага касцёла

27.08.2020 09:40
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выдаў заяву ў сувязі з учарашнім інцыдэнтам на тэрыторыі Чырвонага касцёла.
Arcybiskup Tadeusz Kondrusiewicz
Arcybiskup Tadeusz KondrusiewiczWłodzimierz Pac, Polskie Radio

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пратэстуе супраць дзеянняў АМАП. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у заяве, змешчанай на афіцыйным сайце Каталіцкага Касцёла ў Беларусі catholic.by, напісаў, што праваахоўныя службы „па сваім прызначэнні пакліканы абараняць асноўныя правы грамадзянаў, у тым ліку і права на свабоду веравызнання, а не перашкаджаць у іх рэалізацыі, гарантаванай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.

„Неадэкватныя і супрацьпраўныя дзеянні, якія мелі месца на тэрыторыі касцёла святога Сымона і святой Алены, павінны быць расследаваны, а вінаватыя прыцягнутыя да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, - напісаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Арцыбіскуп таксама падкрэсліў, што гэткія і падобныя „дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур не спрыяюць ліквідацыі напружанасці дзеля хутчэйшага ўсталявання міру і згоды ў беларускім грамадстве ў той час, калі Каталіцкі Касцёл заклікае да прымірэння і дыялогу з мэтай вырашэння нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту”.

Нагадваем , увечары 26 жніўня падчас разгону паслявыбарчай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Мінску функцыянеры АМАП зачынілі дзверы Чырвонага касцёла разам з вернікамі, журналістамі і тымі, хто збег туды ад арышту ўнутры. Людзей вызвалілі са святыні толькі прыблізна праз сорак хвілін.

аз