У відэароліку, які запісалі гродзенскія мастакі і распаўсюдзілі ў інтэрнэце, яны заклікаюць не хлусіць, не забіваць, быць шчаслівымі і свабоднымі.
Найбольш вядомыя гродзенскія мастакі, якія ўваходзяць у Саюз мастакоў Беларусі, знялі свой ART-пратэст на відэа і выставілі ў інтэрнэт.
Па чарзе кожны з іх гаворыць па адной фразе: не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго, шануй краіну, бо яна належыць дзецям тваім, будзь шчаслівым, будзь свабодным... і ў канцы ўсе разам паўтараюць: «Будзь свабодным!»
Паводле Ірыны Варкулевіч, удзельніцы ART-пратэсту, тое што адбываецца ў Беларусі – гэта боль, які немагчыма схаваць, з якім нельга мірыцца, гэта недапушчальна:
-Мастацтва не можа існаваць ва ўмовах гвалту, татальнай няпраўды, агрэсіі і тэрору, бо мастацтва – гэта шчырасць і павага, гэта радасць і жыццё.
Яна таксама дадае, што немагчыма ўтрымліваць краіну «сінімі пальцамі» і «высокімі мэтамі» апраўдаць непамерны гвалт у адносінах да людзей! А таму, маўляў, мастакі – грамадзяне-беларусы, з народам і праўдай.
Алесь Завіноўскі