Жыхар Слоніма Аляксандр Салейка стаў ахвяраў судовага свавольства ўладаў. Яго аштрафавалі на тры базавыя велічыні за тое, што паклаў на сходы перад райвыканкамам чырвоную гваздзіку абмотаную белай стужкай. Праз месяц яго жонцы Вользе суддзя вынес папярэджанне за тое, што яна дазволіла мужу так зрабіць.
Аляксандра Салейку затрымалі яшчэ 11жніўня. Ён прагульваўся разам з жонкай Вольгай па цэнтру гораду і паклаў чырвоную гваздзіку, абмотаную белай стужкай, на сходы райвыканкама. Праз 20 хвілін яго забрала міліцыя.
Ён паспрачаўся з міліцыянтамі і відэа іх размовы было выкладзена ў інтэрнэт. Яго асудзілі на тры базавыя велічыні.
Праз месяц міліцыянты склалі пратакол ўжо на Вольгу Салейку за ўдзел у масавым мерапрыемстве. Аляксандра асабліва абурыла тое, што дзеля складання пратакола яе абманным шляхам выклікалі ў ДАІ куды прыехаў начальнік міліцыі.
- Начальнік РАУС Трухан зачыніў яе разам з сабой у кабінеце, забраў тэлефон, не даў пазваніць адвакату і спрабаваў правесці гутарку. Для яе гэта аказалася ціскам і яна выйшла адтуль уся заплаканая.
Падчас суда над Вольгай міліцыянт, які складаў пратакол, званавціў яе ў тым, што яна дазволіла мужу пакласці кветку на сходы. Суддзя вынес ёй папярэджанне.
Алесь Завіноўскі