Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў звярнуўся да беларускіх парламентарыяў

02.10.2020 10:51
Паводле яго слоў, у дэпутатаў «ёсць унікальная магчымасць паслужыць народу».
Андрэй Дзмітрыеўфота: БелаПАН

Экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў звярнуўся да беларускіх парламентарыяў. Паводле яго слоў, у дэпутатаў «ёсць унікальная магчымасць паслужыць народу».

Дзмітрыеў лічыць, што парламент павінен стаць «месцам дыялогу, аднаўлення справядлівасці і законнасці ў краіне».

Палітык адзначыў, што пад справядлівасцю бачыць асуджэнне дэпутатамі гвалту і стварэнне парламенцкай камісіі па расследаванні «фактаў прымянення неабгрунтаванай сілы ў дачыненні да мірных грамадзян, катаванняў і смерцяў», а таксама камісію па расследаванні »дзеянняў чыноўнікаў падчас каранавіруса, фактаў фальсіфікацыі дадзеных і недастатковасці дзеянняў па забеспячэнню бяспекі грамадзян».

«Законнасць – дамагчыся свабоды палітвязняў і спынення рэпрэсій у дачыненні да тых, хто выказвае сваё меркаванне, аднаўлення на працы звольненых за сваю пазіцыю. Забяспечыць рэалізацыю права грамадзян на мірныя масавыя акцыі і арганізацыю самакіравання», – адзначыў палітык.

У дыялогу ж, на яго думку, павінны ўзяць удзел кандыдаты ў прэзідэнты, прадстаўнікі палітычных партый і грамадзянскай супольнасці. Тэмай абмеркавання павінны стаць патрабаванні, «пра якія кажа сёння ўся краіна», галоўным з якіх з'яўляюцца новыя выбары.

«Гэтыя крокі вернуць у Беларусь грамадзянскі мір і згоду. Умацуюць нашу Незалежнасць. Не хавайцеся, ня адмоўчвайцеся. Будзьце з народам!», – рэзюмаваў Андрэй Дзмітрыеў.

нг