Услед за сталіцай жыхары Віцебску кожны вечар сталі сустракацца ў дварах. У горадзе над Заходняй Дзвіной як на дражджах сталі з'яўляцца дваровыя чаты, і калі раней у іх абмяркоўвалі хіба што праблемы зламанага дамафона ці рамонту ў падʼездзе, то зараз людзі абмяркоўваюць праблемы раёну, гораду і краіны. Вынікам такога камунікавання сталі супольныя вечаровыя акцыі ў розных раёнах гораду.
Кожны дзень зʼяўляюцца новыя метады партызанскага змагання з дзейным рэжымам. Віцябляне спяваюць песні, танцуюць, уладкоўваюць піццё чаю з прысмакамі. Усё гэта адбываецца абавязкова з бела-чырвона-белымі сцягамі. Працягам вечара можа стаць гулянне па раёне, распаўсюд ўлётак, а таксама ланцужкі салідарнасці.
Найболей актыўна на гэтым тыдні выходзілі жыхары раёнаў ДСК, Білева, Поўдзень, а таксама жыхары праспектаў Маскоўскага і Чарняхоўскага.
Для Беларускай службы Польскага радыё з Віцебску Святаслаў Бруйко
Святаслаў Бруйко