Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Гродне «Марш вызвалення палітвязняў» без сцягоў і транспарантаў

04.10.2020 17:37
Пратэстоўцы ў Гродне, якія прыйшлі сёння на «Марш вызвалення палітвязняў», куплялі гародніну і сядзелі ў парку. Тым не менш, ёсць і затрыманыя.
Затрыманні ў Гроднакадр з відэа ў тэлеграм-канале Hrodno.life

У Гродне «Марш вызвалення палітвязняў» прайшоў даволі незвычайна. На Савецкай плошчы, дзе збіраліся пратэстоўцы, улады зладзілі восеньскі кірмаш.

Тыя, хто прыйшоў на пратэсты, групкамі сядзілі на лавачках у скверыку, некаторыя наагул хадзілі па кірмашы і куплялі па некалькі моркваў альбо памідораў. На плошчы ў той момант набіралася да 500 чалавек.

Міліцыя, якой было даволі шмат, гледзячы на гэта, не вельмі разумела, што рабіць, а таму падыходзілі да тых, хто сядзеў на лавачках і папярэджвалі, што акцыя недазволеная, а ім адказвалі, што, маўляў, мы не бяром ніякага ўдзелу ў акцыі.

Адзін з удзельнікаў заўважыў, што падобная акцыя па-свойму эфектыўная:

-Я лічу, што акцыя эфектыўная, паколькі яна адцягвае вялікія сілы міліцыі і яны ўвесь час у напружаным стане.

Тым не менш, людзей затрымлівалі. Быў затрыманы вядомы гродзенскі блогер Андрэй Ірха, які спрабаваў весці стрым з Савецкай плошчы, а таксама дзяўчынка школьнага ўзросту. Колькасць затрыманых пакуль невядомая.

Алесь ЗАВІНОЎСКІ