4 кастрычніка было затрымана 17 журналістаў, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), перадаюць naviny.by.
У прыватнасці ў Гомелі затрыманая відэакарэспандэнт партала «Моцныя Навіны» Надзея Пужынская. Раніцай яна панесла перадачу ў ІЧУ, затрыманым 3 кастрычніка калегам – галоўнаму рэдактару «Моцных Навін» Ганне Якштас і яе мужу, таксама журналісту Дзянісу Якштасу. Пужынскую даставілі ў Савецкі РАУС, склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі) і даставілі ў ІЧУ. Там яна прабудзе да суда, дата якога невядомая. Пужынская і Якштас сапраўды былі на акцыях пратэсту, але ў якасці журналістаў.
У Віцебску былі затрыманыя карэспандэнты tut.by Таццяна Матвеева і Алесь Пілецкі, а таксама рэдактар сайта «Народныя навіны Віцебска» Сяргей Серабро. Іх адпусцілі з міліцыі пасля «прафілактычных гутарак».
У Гродне былі затрыманыя карэспандэнты tut.by Вольга Камягіна і Кацярына Гардзеева. Пасля праверкі дакументаў і правядзення гутарак іх адпусцілі. Таксама ў горадзе затрымлівалі блогера Андрэя Ірху. Па інфармацыі БАЖ, падчас затрымання яго некалькі разоў ударылі па твары, у яго дачыненні складзены пратакол, у блогера забралі тэлефон.
У Мінску былі затрыманыя, але неўзабаве адпушчаныя на волю рэдактар onliner.by Аляксандр Уладыка, фотакарэспандэнт «Белгазеты» Дар'я Сапранецкая і карэспандэнт газеты »Беларусы і рынак« Алег Шапялюк. Пазней, каля 20 гадзіны, у кватэру Сапранецкай спрабавалі трапіць супрацоўнікі АМАПу ў масках, аднак яна не адчыніла ім дзверы, паведамляе БАЖ. Сілавікі спрабавалі патрапіць у дом і да Шапялюк.
Чацвёра журналістаў затрыманыя і пакінутыя пад вартай да суда ў Бабруйску (Магілёўская вобласць) – Марына Малчанава, Алеся Лацінская, Дзяніс Носаў і Юры Камісараў. У чым іх вінавацяць, пакуль невядома.
У Брэсце былі затрыманыя галоўны рэдактар гарадскога інтэрнэт-часопіса «Бінокль» Ксенія Пятровіч і фотакарэспандэнт «Брэсцкай газеты» Алег Палішчук. Пасля праверкі дакументаў іх адпусцілі з РУУС, аднак увечары Палішчука затрымалі зноў. Таксама БАЖ стала вядома пра затрыманне рэдактара газеты грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі »Царква«, краязнаўца Ігара Бараноўскага.
У Магілёве затрымалі карэспандэнта БелаПАН Алеся Асіпцова. Пасля гутаркі яго адпусцілі.
ав