У панядзелак прэс-служба Гродзенскага УУС распаўсюдзіла інфармацыю з падзякамі грамадзянам вобласці за тое, што яны нібыта не выйшлі на акцыі пратэсту ў нядзелю. Праваабаронцы кажуць, што гэта своеасаблівы хітры ход міліцыянераў.
У паведамленні Гродзенскага УУС, якое размешчана ў іх сацыяльных сетках канстатуецца, што ў нядзелю ў вобласці былі зафіксаваны адзінкавыя выпадкі парушэння заканадаўства і складзена ўсяго 12 пратаколаў.
Гродзенскі праваабронца Уладзімір Хільмановіч звяртае ўвагу на тое, што грамадзяне вобласці надалей выходзяць на мірныя акцыі, паколькі гэта права ім гарантуе Канстытуцыя Беларусі.Паводле яго, у Гродне ў акцыі бралі ўдзел каля 500 чалавек, але ў іх не было ні сцягоў, ні плакатаў.
У Ваўкавыску людзі замест таго, каб ісці на плошчу ўсе разам пайшлі ў праваслаўную царкву і прысутнічалі на малебне за Беларусь.
Хаця пасля малебну ўсё роўна затрымалі 15 чалавек, праводзілі з імі тлумачальныя гутаркі, а пратакол склалі толькі на аднаго.
“Зараз, калі УУС і скажа праўду, то ім ужо ніхто не паверыць. Само паняцце “органы аховы правапарадку” настолькі дыскрэдытаванае, што людзі ўспрымаюць міліцыю і іншыя сілавыя структуры выключна, як карныя органы”.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ