Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Гродзенскія ўлады не дазволілі праводзіць мітынг

06.10.2020 16:26
Заяўку на мітынг у Каложскім парку, у месцы, якое вызначана Гродзенскім гарвыканкамам для правядзення масавых мерапрыемстваў, падалі фізічныя асобы.
Вадзім Саранчукоў Алесь Завіноўскі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Гродзенскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні мітынга, які планаваўся пратэсна-настроенымі гараджанамі ў наступную нядзелю ў Каложскім парку.

Заяўку на мітынг у Каложскім парку, у месцы, якое вызначана Гродзенскім гарвыканкамам для правядзення масавых мерапрыемстваў, падалі фізічныя асобы.

Кіраўнік Гродзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў кажа, што рашэнне аб падачы заяўкі прымалася прадстаўнікамі ўсіх апазіцыйных партый і рухаў.

І рабілася гэта на падставе таго, што два месяцы актыўных пратэстаў не прыносяць вынікаў, а людзей затрымліваюць, судзяць, штрафуюць і працягваюць збіваць. Кажа Вадзім Саранчукоў:

«Гэта была спроба вярнуць пратэсты ў прававое поле, што і гарантуе наша Канстытуцыя».

Адмаўляючы гродзенцам сабрацца на мітынг легальна ўлады ў сваёй адмове спаслаліся на дрэнную эпідэміялагічную сітуацыю, маўляў, прыйшла другая хваля каранавіруса.
Саранчукоў кажа, што ўсе фармальныя патрабаванні пры падачы заяўкі яны выканалі і спадзяваліся, што дазвол на правядзенне мітынга атрымаюць.

Цяпер стала відавочным, паводле кіраўніка БНФ, што ўлады не пагаджаюцца і на афіцыйныя мерапрыемствы.

Алесь Завіноўскі