У петыцыі гарадзенцы патрабуюць, каб дэпутаты ўсіх узроўняў правялі справаздачныя сустрэчы з выбарцамі, а таксама апублікавалі іх у абласной газеце.
Адзін з аўтараў петыцыі Яўген Дудкін кажа, што падчас падзей, якія распачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, людзі пачалі патрабаваць ад сваіх дэпутатаў дзеянняў, а яны адказалі поўнай бяздзейнасцю.
Паводле Дудкіна грамадзяне пераканаліся, што ў дэпутатаў на справе адсутнічае нават які-кольвек рэгламент, іх дзейнасць заключалася толькі ў тым, каб абслугоўваць выканаўчую ўладу.
Таму ў петыцыі найперш выстаўлены патрабаванні да дэпутатаў апублікаваць інфармацыю аб расходах мясцовага бюджэту, дзеючы рэгламенце, аб межах органаў грамадскага самакіравання, а таксама справаздачы працы саміх дэпутатаў у сваіх акругах.
- Я хачу, каб людзі бачылі і разумелі сутнасць працы дэпутата. Бо яна не публікуецца, яна невядомая.
Дудкін распавёў, што над петыцыяй працавала вялікая каманда актывістаў практычна з кожнага мікрараёну горада, якія займаліся зборам подпісаў пад адкліканнем дэпутатаў з іх пасадаў. Петыцыя запушчана, гарадзенцы ставяць свае подпісы.
Алесь Завіноўскі