Праваабаронцы «Вясны» у межах кампаніі за вызваленне палітычнай зняволенай і вязніцы сумлення Марфы Рабковай сабралі 190 паручальніцтваў беларусаў і беларусак. У хуткім часе паручальніцтвы з хадайніцтвам аб змяненні меры стрымання Марфы будуць перададзеныя ў Следчы камітэт.
Гэтая працэдура прадугледжана артыкулам 121 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Асабістае паручальніцтва заключаецца ў прыняцці на сябе годнымі даверу асобамі пісьмовага абавязацельства пра тое, што абвінавачаны, знаходзячыся на волі, не схаваецца ад органа крымінальнага пераследу і суда, не будзе перашкаджаць расследаванню справы або разгляду яго судом і не будзе займацца злачыннай дзейнасцю.
Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі нагадвае, што міжнародная і беларуская праваабарончая супольнасць расцэньваюць пераслед Марфы Рабковай палітычна матываваным і вельмі абураныя тым, што сябра «Вясны» знаходзіцца ў зняволенні.
«Марфу фактычна трымаюць у закладніцах, таму што абвінавачванне абсурднае і зусім не мае ніякага дачынення да яе дзейнасці», – падкрэсліў Алесь Бяляцкі.
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясны», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянцін Стэфановіч распавёў, што кампанія па зборы паручальніцтваў з’яўляецца часткай вялікай кампаніі ў падтрымку Марфы, якая праводзіцца беларускімі праваабаронцамі з калегамі з міжнародных праваабарончых арганізацый.
«Мы лічым, што трэба выкарыстоўваць усе магчымасці для таго, каб вызваліць Марфу з-пад варты. Таму мы збіралі гэтыя паручальніцтвы і заклікалі ўсіх далучыцца да кампаніі.
Таксама гэта падтрымка самой Марфы і салідарнасць з ёй. Калі людзі падпісваліся за яе, то разумелі, што ў выпадку невыканання ёй умоваў вызвалення з-пад варты, на іх можа быць накладзены вялікі штраф. І пры такіх умовах усе згодныя падтрымліваць Марфу.
Праваабаронцы «Вясны» вельмі радыя, што беларусы таксама далучыліся да кампаніі па вызваленню Марфы. Мы вельмі ўдзячныя за гэта.
«Мы ў чарговы раз заклікаем беларускія ўлады вызваліць нашу каляжанку. Як мы ўжо неаднаразова адзначалі, у тым ліку ў заяве Рады «Вясны», пераслед Марфы мы ўспрымаем як пераслед «Вясны» ў цэлым, таму што Марфа з’яўляецца сябрай і праваабаронцай нашай арганізацыі. Мы настойваем і патрабуем неадкладна яе вызваліць», – сказаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі заявіў, што кампанія за вызваленне Марфы Рабковай працягваецца. У бліжэйшы час плануецца судовае абскарджванне меры стрымання Марфы.
ав