Жорсткасць міліцыі выклікала эмацыйныя пратэсты ўвечары. Жыхары Ангарскай перакрывалі МКАД, Каменнай Горкі і Спартыўнай – Прытыцкага, Серабранкі – Ракасоўскага, Зялёнага Лугу – Лагойскі тракт, а Малінаўкі – праспект Дзяржынскага. У некалькіх раёнах Мінска сілавікі ўвечары стралялі і затрымлівалі.
Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома пра больш чым 600 затрыманых сёння па Беларусі. Гаварыць праваабаронца Сяржук Сыс.
- Па стане на 10 раніцы ў праваабаронцаў ужо амаль 600 прозвішчаў. Гэта затрыманыя па ўсёй Беларусі. Гэта не канчатковы спіс. Яшчэ ўносяцца дадзеныя. Добрую палову тых, каго затрымалі адправілі ў ІЧУ ў Жодзіна, людзі зноў ня могуць знайсці сваіх сваякоў. Ноччу людзей перавозілі, бо ў Мінску перапоўненыя ў ЦІП на Акрэсціна ды ІЧУ.
Лідарка апазіцыі Святлана Ціханоўская запатрабавала спыніць гвалт над беларускім народам. Каардынацыйная рада рыхтуе адказ на гэтыя дзеянні лукашыстаў. Гаворыць прэсавая сакратарка Святланы Ганна Красуліна.
- Абсалютна неабмежаваны гвалт, зусім неапраўданы ў дачыненні да мірных грамадзянаў. Гэта непрымальна і гэта рэакцыя Лукашэнкі на яго суботні правал. У яго не хапае рэсурсаў, каб дзейнічаць адэкватна. Ён разумее, што ягоны час абмежаваны. Штаб Святланы разумее, што зараз настае момант, калі трэба будзе пачынаць дзейнічаць. Як дзейнічаць будзе вырашана ў бліжэйшы час.
Беларускія ўлады заявілі, што пачынаюць дыялог з апазіцыяй. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з палітвязнямі ў СІЗА КДБ. Пасля гэтай сустрэчы з турмы пад хатні арышт выпусцілі двух палітвязняў, якіх на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам пасадзілі справа і злева каля яго.
юл