Нягледзячы на дажджлівае надвор’е некалькі соцень гродзенцаў сабраліся на «Марш гонару». Пераважна гэта маладыя людзі.
Сёння кідалася ў вочы, што ў цэнтры гораду прысутнічала менш АМАПаўцаў. З плошчы Савецкай калона накіравалася ў бок плошчы Леніна.
Аднымі з першых былі затрыманыя некалькі журналістаў. Калона збіралася даволі квола, але падчас шэсця па вуліцы Савецкай нехта з хлопцаў выгукнуў: «Жыве Беларусь!».
Калона ажыла, людзі пачалі голасна выкрыкваць розныя лозунгі: «Жыве Беларусь!», «Верым! Можам! Пераможам!».
Адна з жанчын пад бел-чырвона-белым парасонам патлумачыла чаму нягледзячы на надворʼе прыйшла на акцыю.
«Мы перажываем за будучыню сваёй краіны, таму мы тут. Мы мірныя людзі і хочам усяго толькі добрага нашай краіне».
Пасля таго, як калона параўнялася з помнікам Сакалоўскага, яе з чатырох бакоў акружыў АМАП, людзей пачалі затрымліваць. Праваабаронцы кажуць, што затрымана некалькі дзясяткаў чалавек, але дакладная лічба пакуль невядомая.
Алесь Завіноўскі