Нягледзячы на запалохванне ўлад і дрэннае восеньскае надворʼе, адважныя жыхары Віцебску працягваюць збірацца кожную нядзелю на акцыі пратэсту.
Не стаў выключэннем і «Марш гонару» 11 кастрычніка. Да пачатку акцыі па ўсім горадзе хаатычна перасоўваліся аўтобусы з АМАПам і спецтэхніка. На месцы збору акцыі супрацоўнікі МУС правяралі дакументы, былі затрыманні.
Аднак, гэта не перашкодзіла пратэстоўцам сабраць калону і прайсці па ўсім цэнтры гораду, выказваючы сваю нязгоду з вынікамі выбараў і агрэсіўнымі дзеяннямі сілавікоў. Калону падчас акцыі суправаджалі валанцёры віцебскага аддзялення Беларускага Чырвонага Крыжа.
А 16 гадзіне каля Лядовага палаца пачаўся жорсткі хапун. Затрыманых пратэстоўцы спрабавалі адбіваць у сілавікоў.
Сярод затрыманых былі і журналісты: Зміцер Казакевіч, Таццяна Мацвеева, Алесь Пілецкі.
Святаслаў Бруйко