Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Абаронцу Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку пазбаўляюць ліцэнзіі адваката

15.10.2020 16:07
Сёння таксама ліцэнзіі пазбавілі адваката Юлію Леванчук. 
  ( )
Аляксандр Пыльчанка (у сярэдзіне)фота: tut.by

Абаронцу Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі рэкамендавала пазбавіць ліцэнзіі. Рашэнне прынята на пасяджэнні камісіі 15 кастрычніка. Ліцэнзія будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль Пыльчанка не атрымае на рукі пісьмовае рашэнне Мінюста, паведамляе tut.by.

- Камісія пры Мінюсце прыняла рашэнне, што лічыць правільным спыніць маю дзейнасць як адваката. Але яшчэ мусіць быць калегія ў міністэрстве [дзе пытанне будзе вырашана канчаткова]. Заўтра будзе калегія, у пастанове калегіі будзе паказаная дата, з якой я ўжо не ажыццяўляю дзейнасць, – растлумачыў Пыльчанка.

Падтрымаць Аляксандра Пыльчанку і адваката Юлію Леванчук, пытанне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі якой таксама разглядалі сёння, да Мінюста прыйшлі больш за 30 адвакатаў.

Нагадаем, 7 кастрычніка Аляксандру Пыльчанку – абаронцу Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай – у Міністэрстве юстыцыі ўручылі «апавяшчэнне аб разглядзе пытання аб спыненні дзеяння ліцэнзіі».

У Мінюсце пракаментавалі рашэнне па адвакатам Пыльчанка і Леванчук. Аказалася, што сутнасць прэтэнзій да адваката складаецца ў яго каментары TUT.BY. У публікацыі ад 14 жніўня Аляксандр Пыльчанка распавёў, якімі паўнамоцтвамі валодае генпракурор, і якія дзеянні можа распачаць па апублікаваных у СМІ відэа і сведчаннях збіцця людзей 9-12 жніўня ў РУУС і ІЧУ. Юрыст заявіў, што генпракурор Беларусі павінен распачаць крымінальныя справы па фактах збіцця мірных грамадзян, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі. Юрыст таксама адзначыў, што Генпракуратура павінна адхіліць ад займаных пасадаў на час праверкі міністра ўнутраных спраў, яго намеснікаў і начальніка ІЧУ да ўстанаўлення іх дачынення або недатычнасці да згаданых падзей.

Сёння таксама ліцэнзіі пазбавілі адваката Юлію Леванчук. Такое рашэнне прыняла Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі.
Юлія Леванчук – адвакат Максіма Харошына, уладальніка кветкавага магазіна, збітага на днях.

ав