Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі запатрабаваў ад упраўлення Следчага камітэта па Мінску распачаць крымінальныя справы па факце ўжывання гвалту і зброі сілавікамі супраць мірных дэманстрантаў падчас Партызанскага маршу ў Мінску 18 кастрычніка.
Адпаведную заяву ў СК накіравалі праваабарончыя арганізацыі, якія ўваходзяць у Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў ("Прававая ініцыятыва", Беларускі дакументацыйны цэнтр, Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын, праваабарончая арганізацыя Human Constanta, асветніцка-сацыяльнае грамадскае аб'яднанне "Звяно").
Як паведамляе сайт "Прававой ініцыятывы", у заяве сабраныя выпадкі ўжывання гвалту, спецсродкаў і зброі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў. Паводле ацэнкі праваабаронцаў, такія метады "не мелі якіх-небудзь законных мэтаў".
Адзначаецца таксама, што ў адпаведнасці з артыкулам 29 закона "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь" забаронена прымяняць або выкарыстоўваць зброю пры значнай колькасці людзей, калі ад гэтага могуць пацярпець староннія асобы. "Юрысты лічаць, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў відавочна выйшлі за межы дадзеных ім правоў і паўнамоцтваў у сувязі з тым, што адсутнічаюць доказы агрэсіі ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з боку дэманстрантаў", — гаворыцца ў заяве.
Паводле звестак МУС, на вулічных акцыях 18 кастрычніка па ўсёй Беларусі было затрымана 280 чалавек (з іх у Мінску — 215). "Да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях у месцы ўтрымання затрыманых змешчаныя 237 чалавек", — гаварылася ў паведамленні міністэрства. У Мінску "пэўныя асобы аказвалі актыўнае супраціўленне супрацоўнікам міліцыі", і "для прадухілення нападу на праваахоўнікаў ужываліся спецсродкі", інфармавала прэс-служба МУС.
Журналісты, якія асвятлялі нядзельны марш у Мінску, паведамлялі пра некалькі выбухаў святлошумавых гранат, якія ўжываліся сілавікамі ў адносінах да дэманстрантаў, а таксама аб стрэлах у паветра. Усё гэта адбывалася ў той момант, калі на Партызанскім праспекце знаходзіліся дзясяткі тысяч людзей.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў, учыненых супраць удзельнікаў мірных акцый у Беларусі, быў створаны 20 жніўня беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Яго мэта — збор фактаў і доказаў пра ўжыванне катаванняў у дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту, каб у далейшым вінаватыя былі прыцягнуты да адказнасці.
Варта зазначыць, што 26 жніўня пад эгідай Генеральнай пракуратуры створаная міжведамасная камісія ў сувязі з заявамі грамадзян аб прымяненні да іх фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў на масавых мерапрыемствах і ў ізалятарах. Акрамя прадстаўнікоў Генпракуратуры ў склад камісіі ўвайшлі супрацоўнікі Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Паведамлялася, што ў працы камісіі таксама будуць удзельнічаць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Аднак якіх-небудзь публічных паведамленняў аб рабоце камісіі дагэтуль няма.