З усёй Беларусі ўлады збіраюць людзей, каб зладзіць у нядзелю вялікі праўладны мітынг. Свабода даведалася, як на яго збіраюць удзельнікаў.
Як вынікае з паведамленняў у сацыяльных сетках, у Мінску 25 кастрычніка вырашылі сабраць грандыёзны мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Папярэдні задуманы такім чынам мітынг быў на плошчы Незалежнасці ў Менску 16 жніўня. На ім выступіў Лукашэнка.
«На выходныя ў пятніцу ці суботу толькі з Магілёва выязджаюць цэлыя два цягнікі па 18 вагонаў у Мінск на праўладны мітынг», – расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасці супрацоўнік чыгункі.
Два цягнікі па 18 вагонаў – гэта больш за тысячу чалавек. Некаторых людзей прымушаюць ехаць пад пагрозай не працягнуць кантракт.
Паведамленні пра масавы збор супрацоўнікаў дзяржаўных установаў на паездку ў Мінск 25 кастрычніка прыходзяць амаль з усіх рэгіёнаў. «У Гомлі ў школах збіраюць людзей для паездкі 25 кастрычніка ў Мінск. Людзі адмаўляюцца, таму едуць у асноўным дырэктары і завучы», – піша чытач з Гомля. На пэўных прадпрыемствах у гэтым горадзе за такую паездку абяцаюць на працы два адгулы.
У Мінск запрашаюць паехаць і супрацоўнікаў «Гомсельмашу», за што абяцаюць два адгулы.
У Гродне найбольш масава, як відаць з паведамленняў, збіраюць педагогаў.
Не адстае і сталіца. На праўладны мітынг, з словаў нашых чытачоў, збіраюць супрацоўнікаў заводу «Крышталь». «Пад пагрозай звальнення ўсім загадваюць ісці на праўладны мітынг 25 кастрычніка», – паведамляюць супрацоўнікі гэтага прадпрыемства.
У 13-й гімназіі Менску, як пішуць чытачы, прымушаюць удзельнічаць у мітынгу пад подпіс. За адмову пагражаюць звальненнем. У Міністэрстве адукацыі пры гэтым паведамілі, што «ніякіх агульных мерапрыемстваў ад міністэрства на запланавана».
ав