Літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litrgid заблакаваў пастаўкі электрычнасці з Беларусі ў сувязі з энергетычным пускам Беларускай АЭС.
Графік змены сістэмных дадзеных на сайце Litgrid сведчыць аб тым, што ў 22.00 2 лістапада выдзеленая магутнасць сеткі перадачы электраэнергіі ў накірунку з Беларусі ў Літву зніжана да 0 МВт, перадае БелаПАН.
3 лістапада прэс-служба Міністэрства энергетыкі Беларусі паведаміла, што «ў 12:03 турбагенератар першага энергаблока Беларускай АЭС уключаны ў аб'яднаную энергасістэму краіны», блок пачаў выпрацоўку электрычнасці.
Пра намер неадкладна заблакаваць магчымасць камерцыйных паставак з моманту пачатку вытворчасці электрычнасці на БелАЭС у Litgrid заявілі яшчэ ў канцы кастрычніка.
«Як мы ўжо заяўлялі, пасля атрымання інфармацыі аб пачатку вытворчасці электраэнергіі або рэгістрацыі ў цэнтры кіравання сістэмай Litgrid дадзеных аб вытворчасці на Астравецкай АЭС, мы неадкладна вызначым магутнасць 0 МВт для камерцыйных патокаў электраэнергіі з Беларусі. Мы ўважліва сочым за сітуацыяй і гатовыя дзейнічаць», – казаў выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара Litgrid Відмантас Грушас.
Беларуская электрычнасць праз тэрыторыю Літвы напрамую паступае на найбуйнейшы электраэнергетычны рынак Паўночнай Еўропы і краін Балтыі – біржу Nord Pool, на якой гандлююць 380 кампаній з 20 дзяржаў. Біржа належыць электраэнергетычных аператарам Statnett SF (Нарвегія), Svenska kraftnat (Швецыя), Fingrid Oy (Фінляндыя), Energinet (Данія), Elering (Эстонія), Litgrid (Літва) і Augstsprieguma tikls (Латвія).
Літва зʼяўляецца асноўным імпарцёрам беларускага электрычнасці. Так, са студзеня па жнівень 2020 года на гэтую балтыйскую дзяржаву прыйшлося 70,4% усяго абʼёму экспарту электраэнергіі (366 млн 992 тыс. кілават-гадзін з 521 млн 278,8 тыс. КВт·г) і 71,3% экспартнай выручкі (каля 19,3 млн долараў з 27,71 млн).
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі па тыповым расійскім праекце ВВЭР-1200. У жніўні ў актыўную зону рэактара першага блока атамнай станцыі загрузілі 163 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам. З гэтага пачаўся фізічны пуск БелАЭС.
Увесці блок у эксплуатацыю, пры якой ён запрацуе на 100% магутнасці, плануецца ў 2021 годзе. Другі энергаблок, як мяркуецца, будзе выведзены на поўную магутнасць у 2022 годзе.
Паводле прагнозу Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць абодва блока станцыі штогод будуць выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·г электраэнергіі.
ав/naviny.by