Прадпрымальнікі кажуць, што гэта расплата за ўдзел у агульнанацыянальным страйку.
Цяпер стала звычайнай справай, калі на дзвярах кавярняў або прыватных крамаў у цэнтры Гродна вісяць абвесткі, што ўстанова не працуе на працягу месяца альбо трох у сувязі з прадпісаннем пэўнай правяраючай структуры.
Уласнік крамы «Цудоўня» з нацыянальнымі сувенірамі Андрэй Несцяровіч распавёў, што праблемы пачаліся адразу пасля 26 кастрычніка. У яго ў краме розныя службы правялі аж тры пазапланавыя праверкі. Аштрафавалі на 10 базавых велічынь за неналежную арганізацыю супрацьпажарнай бяспекі:
-Усе мы добра ведаем, у сувязі з чым пайшлі праверкі па прадпрымальніках, бо такой хвалі праверак не было за апошнія 20 гадоў.
Уласніцы кнігарні з дзіцячымі кніжкамі, спадарыні Святлане, органы дзяржстандарту выпісалі прадпісанне на тры месяцы. Яна кажа, што наўрад ці ўжо здолее аднавіць дзейнасць.
Акрамя дробных прыватных крамаў і кавярняў па прадпісанню правяраючых службаў спынілі працу і цэлыя гандлёвыя сеткі кшталту Megatop i Oz. Прычым, па ўсёй Беларусі.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ