Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Качанава падчас сустрэчы са студэнтамі імітавала дыялог

04.11.2020 09:53
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава 3 лістапада прыехала ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Наталля Качанавафота: youtube/screen

Яна абмеркавала грамадска-палітычную сітуацыю з прадстаўнікамі студэнцкіх стачкамаў і ініцыятыўных груп ВНУ, пішуць naviny.by.

Пачалося з абмеркавання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Студэнты казалі аб іх фальсіфікацыі і гвалце на пратэстах у дачыненні да мірных грамадзян. На гэта Качанава заявіла, што факты фальсіфікацыі выбараў не ўстаноўлены. Яна адзначыла, што гвалт з боку сілавікоў на мірных акцыях недапушчальны, але і людзі «здзяйсняюць незаконныя дзеянні, выходзячы на так званыя мірныя маршы». «А чаму на іх выліваюцца сёння цэбары бруду, на іх сем'і? Яны таксама людзі», – сказала Качанава аб сілавіках.

Задалі студэнты і пытанне аб згвалтаваннях людзей пасля затрыманняў. Качанава заявіла, што гэта няпраўда і такога не было. Не адказала Качанава на пытанне, чаму ў сюжэтах, якія выходзяць на дзяржканалах, усіх, хто ходзіць з бел-чырвона-белымі сцягамі, называюць ворагамі, фашыстамі і здраднікамі.

Прагучала пытанне пра затрыманні, збіццё і арышты журналістаў, якія асвятляюць мірныя акцыі. «Качанава сышла ад адказу, заявіўшы, што журналісты працавалі без акрэдытацыі, а пасля папрасіла не зацыклівацца на гэтай тэме і задаваць іншыя пытанні», – піша «Студэнцкая думка».

Студэнты спыталі, чаму за грамадзянскую пазіцыю іх адлічваюць. «Калі вы баіцеся, што вас адлічаць, не хадзіце на акцыі. Каб не быць адлічанай з універсітэта, трэба добра вучыцца, не парушаць грамадскі парадак і не хадзіць на несанкцыянаваныя акцыі», – перадае телеграм-канал адказ Качанавай.

На пытанне аб эканамічнай сітуацыі ў краіне кіраўнік Савета Рэспублікі заявіла, што яна лепшая на постсавецкай прасторы.

У сваю чаргу Качанава пацікавілася, чаго хочуць студэнты, якія ўдзельнічаюць у размове. Ёй адказалі: «Новых сумленных выбараў і суда над карнікамі». На гэта кіраўнік Савета Рэспублікі заявіла, што гэтае патрабаванне незаконна. «Вы лічыце, што выбары несумленныя, а я лічу, што яны сумленныя», – сказала яна. Сустрэча скончылася фразай Наталлі Качанавай: «Думайце не толькі пра сваю будучыню, думайце пра будучыню сваёй краіны.  Жыццё цячэ, усё вельмі хутка пралятае, і калі ты глядзіш на тое, што ты зрабіў – мне не сорамна ні перад краінай, ні перад вамі за тое, што я зрабіла. Усё, што вы робіце, павінна быць накіравана на стварэнне і канструктыў. Калі ласка, пачуйце мяне».

ав