Дэпутат парламенту па Слонімскай выбарчай акрузе №58 Валянцін Семяняка ўжо на працягу амаль двух месяцаў адмаўляецца сустракацца са сваім выбарцамі. Жыхары Слоніма падаюць скаргу ў пракуратуру. Днямі слонімцы атрымалі пісьмовы адказ ад дэпутата Семянякі. Ён піша, што меў аж 43 сустрэчы ў працоўных калектывах на тэрыторыі выбарчай акругі.
А цяпер, маўляў, у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай, сустрэцца не прадстаўляецца магчымым. Дэпутат раіць выбарцамі глядзець яго сайт.
Выбарцы кажуць, што гэта чарговая адпіска, паколькі ў Беларусі, па-першае, ніхто не аб’яўляў каранціну па каранавірусу, а па-другое, у тым жа райвыканкаме штодня адбываюцца рознага кшталту нарады і там людзі хто з маскамі, а хто і без масак.
Самае галоўнае, што на сайце дэпутата ні слова пра тое, што хвалюе больш 400 выбарацаў, якія патрабуюць сустрэчы. А найбольш людзей, кажа адзін з актывістаў, цікавіць пытанне міліцэйскага бязмежжа.
«У Слоніме ўжо больш ста чалавек прайшлі праз міліцыю, праз суды толькі за тое, што недзе стаялі на плошчы хоць і нічога не рабілі. Проста стаяў – ужо парушальнік».
Актывісты на наступным тыдні намераны падаць скаргу на дэпутата ў пракуратуру.
Алесь Завіноўскі