Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Вялікабрытанія ў адказ на рашэнне Мінска выслала беларускіх дыпламатаў

11.11.2020 07:52
9 лістапада стала вядома, што двое брытанскіх дыпламатаў абвешчаныя ў Беларусі персонамі нон грата. 
Барыс Джжонсан PAP/EPA/NEIL HALL

Вялікабрытанія выслала двух беларускіх дыпламатаў у адказ на рашэнне афіцыйнага Мінска абвясціць персонамі нон грата брытанскіх дыпламатаў. Пра гэта ў сябе ў Twitter паведаміў міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб, піша  tut.by.

- Вялікабрытанія не будзе напалоханае спробамі рэжыму Лукашэнкі перашкодзіць нам казаць пра фальсіфікацыі на выбарах і жудасны гвалт супраць беларускага народа. Сёння мы выслалі двух беларускіх дыпламатаў у адказ на неабгрунтаваную высылку дыпламатаў, – напісаў кіраўнік МЗС Брытаніі.

Акрамя таго, як паведамілі TUT.BY у МЗС Беларусі, пасол Беларусі ў Лондане Максім Ермаловіч выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі.

- Сёння днём беларускага пасла Максіма Ермаловіча выклікалі ў Міністэрства замежных спраў для азнаямлення з рашэннем урада Вялікабрытаніі. У ходзе гэтага выкліку ўрад Злучанага Каралеўства пацвердзіў, што адзіны шлях наперад – гэта правядзенне новых выбараў і прыцягненне да адказнасці асоб, вінаватых у гвалце ў дачыненні да дэманстрантаў, – гаворыцца ў заяве МЗС Вялікабрытаніі.

Нагадаем, 9 лістапада стала вядома, што двое брытанскіх дыпламатаў, ваенны аташэ Вялікабрытаніі Цімафі Уайт-Бойкат і намеснік амбасадара Вялікабрытаніі Ліса Тамвуд, абвешчаныя ў Беларусі персонамі нон грата. Па дадзеных праваахоўных органаў, на якія спасылаецца тэлеканал АНТ, дыпламаты збіралі інфармацыю аб унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі.

«Хацеў бы падкрэсліць, што названае рашэнне з'яўляецца вымушаным і прынята беларускім бокам выключна з прычыны пацверджанага дэструктыўнага характару дзейнасці згаданых асобаў», – паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Брытанскія дыпламаты ўжо пакінулі Беларусь.

ав